Водпуск і адпускныя па правілах

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Лета – сезон адпачынку, таму большасць работнікаў мараць паспець “схадзіць” у водпуск на працягу запаветных чэрвеня-жніўня.

Якія нюансы працоўнага заканадаўства пры гэтым варта ведаць і ўлічваць адпускнікам і наймальнікам патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда.

Пытанне: ці можна афармляць працоўны водпуск са святочнага непрацоўнага дня?

Адказ: згодна з працоўным заканадаўствам працягласць водпуску падлічваецца ў каляндарных днях. Святочныя непрацоўныя дні, якія прыпадаюць на перыяд працоўнага водпуску, у лік такіх каляндарных дзён не ўключаюцца і не аплачваюцца. Значыць, пачынаць працоўны водпуск са святочнага непрацоўнага дня нельга.

Пытанне: як адпачываць, калі месцаў работы некалькі?

Адказ: у адпаведнасці з Працоўным Кодэксам Рэспублікі Беларусь водпуск работнікам па сумяшчальніцтве даецца па іх жаданні адначасова з працоўным на асноўнай рабоце. Калі такі работнік не адпрацаваў па сумяшчальніцтве шэсць месяцаў, водпуск даецца авансам.

Акрамя таго, калі працягласць працоўнага водпуску на рабоце па сумяшчальніцтве меншая за адпачынак па асноўным месцы работы, наймальнік па просьбе работніка дае яму сацыяльны водпуск адпаведнай працягласці без захавання заработнай платы.

Пытанне: калі работніку чакаць адпускныя?

Адказ: калі ў водпуск работнік ідзе па графіку, то наймальнік абавязаны выплаціць сярэдні заробак за час працоўнага водпуску не пазней чым за два дні да яго пачатку.

Калі работніку працоўны водпуск даецца па-за графікам, сярэдні заробак павінен быць выплачаны з яго згоды не пазней як праз два рабочыя дні з дня пачатку адпачынку.

Пытанне: ці прадугледжаны водпуск для таго, хто выконвае работу па дагаворы падраду?

Адказ: не. Грамадзянска-прававыя дагаворы не рэгулююцца заканадаўствам аб працы, і прадугледжаныя Працоўным кодэксам гарантыі на іх не распаўсюджваюцца.

Пытанне: каму трэба адпрацоўваць пры пераносе працоўных дзён?

Адказ: калі перанесены дзень у работніка не быў працоўным: ён знаходзіўся ў водпуску, хварэў, выконваў дзяржаўныя або грамадскія абавязкі і ў некаторых іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, то такі перанос на гэтага работніка не распаўсюджваецца і адпрацоўваць яму не трэба.

Пытанне: на колькі частак можна падзяліць водпуск?

Адказ: па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны водпуск можа быць падзелены на дзве часткі, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем, іншымі лакальнымі прававымі актамі. Пры гэтым адна частка павінна быць не меншай за 14 каляндарных дзён.

Пытанне: у лютым работніка прынялі на работу ў парадку пераводу. Ці можа ён узяць працоўны водпуск праз 5 месяцаў пасля працаўладкавання?

Адказ: у адпаведнасці з Працоўным кодэксам водпускі (асноўны і дадатковы) за першы працоўны год прадастаўляюцца не раней чым праз 6 месяцаў работы. Разам з тым прадугледжаны выпадкі, калі наймальнік абавязаны дацьць водпуск па жаданні работніка да заканчэння названага тэрміну. Гэта датычыцца тых, хто прыняты на работу ў парадку пераводу; жанчын, якія збіраюцца ў водпуск па цяжарнасці і родах (або пасля); маці, бацькі, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў) і некаторых іншых катэгорый работнікаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga