У першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаць меліяратары Беларусі.
Прадстаўнікі гэтай няпростай, але надзвычай важнай прафесіі акультурваюць і адраджаюць землі, даюць ім другое жыццё, робячы прыдатнымі для вырошчвання ўраджаю.
Напярэдадні прафесійнага свята аб дасягненнях, клопатах і планах на будучыню меліярацыі раёна расказаў дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык.
– Сёння, як ніколі раней, меліяратары адчуваюць разуменне і магутную фінансавую падтрымку дзяржавы. Час ісці наперад, развіваць прадпрыемства. І мы разумеем, што любы прагрэс магчымы толькі праз мадэрнізацыю: каб ісці ў нагу з часам, штогод абнаўляем машынна-трактарны парк. Толькі летась мы набылі 4 новыя экскаватары (2 – фірмы “Loval” і 2 – “Shantui”) – гэта амаль палова агульнай колькасці па Гродзенскай вобласці за год. Пачынаючы з 2019 года прадпрыемствам пройдзены вялікі шлях у плане абнаўлення тэхнікі, закуплены каля 40 механізмаў.
– Ці дастаткова аб’ёмаў работы?
– Прадпрыемства загружана на 100 % і больш. За 2023 год індэкс фізічнага аб’ёму склаў 138 %. Згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця меліярацыі мы актыўна папрацавалі на рэканструкцыі земляў, культуртэхніцы і тэхнічным доглядзе. Дзякуючы меліяратарам уведзены значныя плошчы пашняў – па рэканструкцыі і культуртэхніцы работы аб’ёмам 1789 гектараў. Акрамя таго, у гісторыю прадпрыемства мы ўпісалі ўзвядзенне трох збудаванняў з бетону на рэкаструкцыі шлюзаў-рэгулятараў на меліярацыйных сістэмах “Карыценка” (КСУП “Хвінявічы”), “Карэлічы (КСУП “Маяк Заполле”), рамонце водарэгулюючага збудавання на меліярацыйнай сістэме “Раготна” (ААТ “Дварэц-Агра”). Прадпрыемствам узята высокая планка, якую належыць утрымаць.
– Як ідуць справы ў бягучым годзе?
– Актыўна працуем на рэканструкцыі земляў і тэхнічным доглядзе. Дзякуючы таму, што прадпрыемства эфектыўна працавала на культуртэхніцы апошнія некалькі гадоў, гэта дало добрыя вынікі: большасць земляў Дзятлаўшчыны ў выдатным стане ў плане меліярацыі. На фінішнай прамой вялікі праект – рэканструкцыя земляў на аб’ектах “Зара – Чырвоны Кастрычнік – Расія” (СГФ “АграМілк”), “Рэпішча” (КСУП “Хвінявічы”) агульнай плошчай 134 гектары, з надзённых аб’ектаў – урочышча “Галаўское” (КСУП “Жукоўшчына”) – 32 гектары земляў. Плануем папрацаваць у Ахонаве, Раготне, рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Іскра – Падвялікае”, цяпер афармляецца праектная дакументацыя на гэтыя аб’екты. З прыходам у раён сельгаспрадпрыемстваў СГФ “АграМілк”, ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”, ААТ “Молочный Мир” пачалі эфектыўна выкарыстоўваць тыя землі, якія раней лічыліся непрыдатнымі. Меліярацыя ў гэтым плане падтрымлівае аграрыяў. У сезон пастаянна праводзім работы па абкошванні меліярацыйных каналаў у Дзятлаўскім і Карэліцкім раёнах.
– Што, на вашу думку, самае важнае ў рабоце прадпрыемства?
– Наш галоўны рэсурс – гэта людзі. Меліярацыя трымаецца на вопытных энтузіястах. На жаль, не за гарамі час, калі тыя, хто стаяў ля вытокаў прадпрыемства, пойдуць на заслужаны адпачынак. Цяпер у нас праходзіць практыку мясцовая моладзь, прыкладваем намаганні, каб зацікавіць вярнуцца сюды на пастаянную работу. Таксама станоўча зарэкамендавала сябе практыка летняй занятасці для студатрадаў: школьнікі працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі прадпрыемства. У гэтым годзе будзе задзейнічана некалькі змен.
– Што пажадаеце калегам па працы?
– Усім работнікам меліярацыі, калектыву Дзятлаўскага ПМС шчыра дзякую за самаадданую працу ў няпростых умовах. Жадаю сямейнага дабрабыту і ўтульнасці, здароўя і аптымізму, дабра. Нізкі паклон ветэранам галіны, якія стварылі надзейны фундамент для эфектыўнай работы прадпрыемства. Бадзёрасці духу вам і доўгіх гадоў жыцця.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga