Навіны адукацыі. Давайце вучыцца і бавіць вольны час разам!

Грамадства Свежыя навіны

З 3 па 10 верасня ў нашым раёне, як і па рэспубліцы ў цэлым, праходзіць традыцыйны тыдзень установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, мерапрыемствы якога ладзяцца пад дэвізам “Якасная дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі сёння – паспяховая будучыня заўтра!”.

Флагманам яго рэалізацыі выступае Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які прапанаваў цэлы комплекс займальных мерапрыемстваў для навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, сярод якіх тэст-драйв прэзентацыя аб’яднанняў па інтарэсах новых кірункаў дзейнасці, форум дзіцячых ініцыятываў з творчай прэзентацыяй новага музея дадатковай адукацыі і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, мультыпарк аб’яднанняў па інтарэсах, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне любові да Айчыны, падтрымку творчых ініцыятываў моладзі.

Гэтыя мерапрыемствы накіраваны і на актыўнае камплектаванне дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах, клубаў, творчых майстэрняў і лабараторый. Таксама ў рамках тыдня праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы рэспубліканскага комплекснага спартыўна-масавага мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя”.

Аб тым, якія цікавыя кірункі работы чакаюць школьнікаў у новым навучальным годзе, расказала намеснік дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі Іна Дзедава:

– Камплектацыя аб’яднанняў па інтарэсах ідзе даволі хуткімі тэмпамі – на сённяшні дзень амаль поўнасцю ўкамплектавана 74 гурткі самых розных напрамкаў ад фізкультурна-спартыўных, турысцка-краязнаўчых да культурна-дасугавых, сацыяльна-педагагічных, мастацкіх і творчых. Дарэчы, пераважная большасць аб’яднанняў будзе працаваць у аграгарадках і сельскай мясцовасці. Не застануцца паза ўвагаю і дзеці з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Для іх прадугледжана індывідуальнае навучанне, у тым ліку і на даму. Усю работу па арганізацыі дадатковай адукацыі навучэнцаў, іх дасугавай занятасці праводзім у цесным супрацоўніцтве з аддзелам адукацыі, кіраўніцтвам установаў адукацыі раёна.

У гэтым навучальным годзе прадоўжаць сваю дзейнасць і такія “брэндавыя” аб’яднанні па інтарэсах, як “Кібертэрыторыя”, “Камп’ютарная графіка”, “Перспектыва” (педагог Робет Асіпук), “Робататэхніка”, “Праграмаванне ў творчым асяроддзі Scratch” (педагог Віталь Халюкоў), “Юныя  абаронцы Айчыны” (педагог Сяргей Сокал), “Футбол” (педагог Дзяніс Трафімчык), “Спорт.праф.бай” (педагогі Аляксандр Палуносік і Валянцін Грынцэвіч), “Фізічная культура і аздараўленне” (педагогі Сяргей Карнэлік, Юрый Сарока і Людміла Юшкевіч), “Этнадызайн” (педагог Алена Турчэнік), “Мастацкая апрацоўка драўніны” (педагог Аляксандр Грыб).

Шэраг навучэнцаў гэтых аб’яднанняў з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі такіх прэстыжных конкурсаў, як абласны конкурс малюнкаў нейроннай сеткі “Інфармацыйная бяспека” (Арцём Грамадскі, педагог Роберт Асіпук), рэспубліканскія конкурсы моладзевай творчасці “Права на дзяцінства”, “Пра вызваленне” (Даніла Матчанаў, педагог Роберт Асіпук), абласны турнір па робататэхніцы (Ілья Бекман, Аляксандр Жукоўскі, педагог Віталь Халюкоў), рэспубліканскі конкурс “Архнавацыя” (Давід Навагран, Арцём Грамадскі, педагог Аляксандр Грыб), абласныя і рэспубліканскія выставы-конкурсы “За мірнае неба скажам “дзякуй!””, “Прывітанне, свет!”, “Чароўныя ўзоры” (Ангеліна і Аліна Ламакі, Дар’я Ворахава, педагог Алена Турчэнік), абласное спартыўна-масавае мерапрыемства сярод установаў дадатковай адукацыі “Покліч часу” (навучэнцы гуртка “Спорт.праф.бай”, педагог Валянцін Грынцэвіч), абласны конкурс малюнкаў “Працаўнікі гандлю вачамі дзяцей” (Кірыл Смагін, педагог Роберт Асіпук) і іншыя.

У мінулым годзе Вікторыя Аўгусціновіч і Аляксандра Барысевіч, навучэнкі гуртка “Футбол”, які працуе пад кіраўніцтвам Дзяніса Трафімчыка, паспяхова прайшлі адбор для навучання ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Дзякуючы высокай выніковасці сваёй працы навучэнцы гуртка “Перспектыва” з кіраўніком Робертам Асіпуком сталі неаднаразовымі героямі рэпартажаў “Настаўніцкай газеты”, тэлеканала АНТ. Мяркуецца, што ў верасні бягучага года Роберт Асіпук прадставіць наш раён на першым форуме блогераў Беларусі.

Заслужанай папулярнасцю сярод падлеткаў і моладзі карыстаецца ўдзел у рабоце моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, раённага Савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”, нязменным каардынатарам дзейнасці якіх з’яўляецца загадчык аддзялення дадатковай адукацыі Ірына Мішчанка. Менавіта дзякуючы ідэям удзельнікаў гэтых аб’яднанняў удалося распрацаваць праект па стварэнні на базе нашай установы раённага музея дадатковай адукацыі і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, які ў 2023 годзе стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу моладзевых ініцыятываў, атрымаўшы грашовы грант у памеры больш за васямнаццаць тысяч беларускіх рублёў. А ў верасні 2024 года музей ужо прыме першых наведвальнікаў!

Яркім “акцэнтам” шостага школьнага дня стане дзейнасць моладзевага брэндзінгавага агенцтва “Зробім!”, праект якога ў мінулым навучальным годзе заняў другое месца па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

Падрабязную інфармацыю аб аб’яднаннях па інтарэсах, мерапрыемствах тыдня дадатковай адукацыі можна знайсці на афіцыйным сайце Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі, перайшоўшы па спасылцы: https://cdo.roodyatlovo.by.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga