Валерыя Жых: “На 100 балаў рыхтавалася грунтоўна”

Галоўнае Грамадства

Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамена па рускай-беларускай мове на выбар.

У раёне яшчэ дзве стобальніцы.

Адна з іх Валерыя Жых, выпускніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, падзялілася сакрэтамі свайго высокага выніку:

– На самой справе да цэнтралізаванага іспыту па рускай мове я рыхтавалася доўга. З нашай настаўніцай Таццянай Яўгенаўнай Калашнікавай адзінаццацікласнікі, якія выбралі гэты іспыт, займаліся ў школе, праходзілі тэставыя заданні, былі і платныя факультатывы, самастойна я таксама практыкавалася. Раней удзельнічала ў алімпіядзе па гэтым прадмеце, мела някепскія вынікі, праўда, апошнія два навучальныя гады большы ўпор рабіла на хімію і біялогію, бо гэта мае профільныя прадметы. Я з дзяцінства мару стаць доктарам. Спадзяюся, што набяру неабходную колькасць балаў, каб быць залічанай на стаматалогію, бо конкурс на гэту спецыяльнасць вельмі сур’ёзны: летась для навучання на бюджэтнай форме неабходна было набраць 395 балаў. Ужо ведаю свой вынік за ЦЭ па хіміі – 98 балаў, у заданнях зрабіла ўсяго адну памылку. Яшчэ невядомы бал за біялогію, адчуваю, што ён павінен быць высокім, але загадваць баюся. Ва ўсялякім разе, паступаць буду менавіта ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, калі не прайду на стаматолага, выберу іншы прэстыжны профіль.

Шлях да запаветнай мары я пачала ў шостым-сёмым класе, калі вырашыла звязаць будучыню з медыцынай. У дзясятым выбрала профіль хімія-біялогія. Каб вучыцца на выдатна і атрымліваць грунтоўныя глыбокія веды, многім ахвяравала, былі і бяссоныя ночы, і нервы. Аднак усё не дарэмна, я атрымаю атэстат з адзнакай і залаты медаль. Безумоўна, не абышлося без стрэсаў, хвілінаў адчаю, калі парывалася ўсё кінуць, але мяне вельмі падтрымлівалі бацькі, асабліва матуля, якая не стамлялася паўтараць: “Лера, у цябе ўсё абавязкова атрымаецца”. Маральна дапамагалі ўсе родныя, мае настаўнікі, якім я вельмі ўдзячна. Менавіта іх вера і добрыя словы надавалі ўпэўненасці ў сабе, далі штуршок да дасягнення мэты. З майго боку былі самадысцыпліна, старанне і сіла характару.

Усім, хто стаіць на парозе дарослага жыцця, я жадаю цярпення, бо гэта вельмі важны складальнік поспеху, а таксама ўседлівасці, стараннасці, неабходна адмовіцца ад ляноты і працаваць, вучыцца, каб потым было лягчэй. Не менш важна мець дакладна вызначаную мэту і ўпэўнена да яе крочыць, безумоўна, здарыцца ахвяраваць прагулкамі з сябрамі, адпачынкам, аднак і поспеху без гэтага не бывае.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga