Дэкарыраванне – любімая дзейнасць дзяцей

Грамадства Свежыя навіны

У дашкольнай установе ДЦРД № 2 горада Дзятлава дзеці 4-5 гадоў ахвотна займаюцца на занятках дэкарыраваннем (дэкаратыўным роспісам).

Мы вакрыстоўваем схемы рытмічнага пастраення стужачнага і сеткавага арнаментаў. Вучым дзяцей выконваць арнаментальныя элементы беларускага арнамента і іншых роспісаў не толькі на паперы, але і на тканіне, драўляных вырабах, аб’ёмных прадметах. У сваёй рабоце выкарыстоўваем прыёмы роспісу шырокім і вузкім пэндзлем, рознымі штампамі і пячаткамі.

Асабліва дзецям падабаецца распісваць аб’ёмныя прадметы: папяровыя талеркі і шклянкі, драўляныя лыжкі і лапаткі. Для іх дэкарыравання формаў выкарыстоўваем розныя матэрыялы: гуаш, акварэльныя фарбы, каляровыя ніткі, лёгкі і яркі пластылін. Гэта дазваляе аб’ядноўваць і інтэграваць усе віды выяўленчай дзейнасці: маляванне, лепку, дызайн, аплікацыю.

Цікавасць у дашкольнікаў выклікае дэкарыраванне сілуэтных выяў з тканіны: спадніцы, фартухі, паясы, сурвэткі, ручнікі і інш.

Вопыт, атрыманы на занятках дэкаратыўнага роспісу, дае магчымасць ствараць індывідуальныя і калектыўныя работы, дазваляе дзецям з дапамогай педагога складаць кампазіцыі па матывах народнай творчасці, рэалізаваць уласныя творчыя задумы.

Цікавыя творчыя работы  дзяцей займаюць месцы на тэматычных выставах і ў гульнявых кутках групы. А таксама работы выхаванцаў – гэта падарункі матулям, ветэранам працы, малодшым дзецям.

Ларыса БОЛБУНОВА
выхавальніца ДЦРД № 2 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga