Сельскі сход. Лета – гарачая пара для ўсіх службаў

Грамадства Свежыя навіны

У аграгарадку Войневічы адбыўся сельскі сход, у час якога абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя надзённыя праблемы.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык расказаў аб пажарнай абстаноўцы ў раёне, нядаўніх здарэннях па лініі “101”. Ён назваў асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў і меры іх прафілактыкі. Сяргей Сяргеевіч акцэнтаваў увагу на акцыях МНС “Не пакідайце дзяцей адных” і “Канікулы без дыму і агню”, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дзяцей у час летніх канікулаў. Ён нагадаў аб неабходнасці мець у жылых памяшканнях пажарныя апавяшчальнікі, а перад кожным наведваннем лясоў цікавіцца, ці дазволена гэта па ўмовах надвор’я, у мабільным дадатку “Дапамога побач”.

Начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў аб узроўні злачыннасці ў раёне. Па яго словах, на жаль, не губляюць актуальнасці выпадкі махлярства ў тэлефоннай і інтэрнэт-прасторы, калі грамадзяне пад уздзеяннем падману або псіхалагічнага ціску дабравольна аддаюць свае зберажэнні і нават бяруць займы ў банку.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык расказала аб падтрымцы, якую могуць атрымаць розныя катэгорыі грамадзян, жыхары нашага раёне. Таксама яна агучыла ключавыя тэзісы VII Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога была сёлета.

Лета – не час забываць аб правілах эксплуатацыі газакарыстальнага абсталявання і правілах бяспекі. Аб гэтым узгадаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Ён засяродзіў увагу на тым, што газавыя прыборы трэба падтрымліваць у спраўным стане і не выкарыстоўваць даўжэй за вызначаны вытворцам тэрмін.

Аб магчымасцях бавіць лета з карысцю, адпачыць і аздаравіцца ў летніках рознага профілю і фармату паведаміла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко. Яна нагадала аб тым, што бяспека і здароўе дзяцей у час вялікіх канікулаў – адказнасць і клопат бацькоў.

Як не дапусціць трагедыі на вадзе, расказаў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі. Нагадаў, што на Дзятлаўшчыне ёсць толькі два месцы, дазволеныя для купання.

Старшыня Войневіцкага сельвыканкама Вольга Мазоль падвяла вынік сустрэчы, заклікала прысутных берагчы сябе і сваіх блізкіх, каб лета пакінула ва ўсіх толькі добрыя ўражанні і ўспаміны.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Дзятлаўскім РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga