Са святам, дарагія медыкі!

Важнае Грамадства

У Дзень медработніка хочацца пагаварыць пра медыкаў. Нашых медыкаў, дзятлаўскіх, і ўсіх, хто кожны дзень стаіць на варце нашага жыцця і здароўя.

Так здарылася, што ўсё свядомае жыццё мела стасункі з медыкамі часцей не як пацыент, а як прыяцелька, сяброўка ці знаёмая. Ды і ў маёй радні шмат медыкаў – родная сястра працуе ў Першай клінічнай бальніцы г. Мінска, дачка скончыла Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, пляменніца – педыятар у г. Вілейцы, на маёй радзіме. Сама ж воляй лёсу аказалася на Дзятлаўшчыне, дзе жыву больш за трыццаць гадоў. І, безумоўна, так ці інакш сутыкаюся з медыцынскімі ўстановамі і людзьмі, якія там працуюць.

Хочацца сказаць вялікі дзякуй за сяброўства сям’і Руткоўскіх, Ліліі і Вячаславу. Іх ужо няма з намі, але памяць пра гэту шчырую, чалавечную сям’ю жыве ў маім сэрцы. Мы сябравалі шмат гадоў, часта сустракаліся, разам бавілі час. Лілія Васільеўна прымала мае першыя роды, майго сыночка. Вакол Руткоўскіх групаваліся ўсе медыкі таго, яшчэ савецкага часу, і наша маладая сям’я была прынята ў гэту кагорту на пачатку 90-х адразу і беспаваротна. Колькі цеплыні і шчырасці было ў адносінах, нельга перадаць словамі. Гэта тая цеплыня, якую праносяць людзі праз усё жыццё.

Словы ўдзячнасці і павагі выказваю і ў адрас сям’і Максімовічаў.

Уважлівыя, інтэлігентныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, да якіх можна звярнуцца за дапамогай і ўдзень, і ўночы. Чалавек пазнаецца праз учынкі, дык вось учынкамі сваімі гэта сям’я даказала адданасць Дзятлаўшчыне і яе жыхарам, нашай малой радзіме.

З вялікай павагай адношуся да Таццяны Шафарэвіч, доктара-педыятра, сапраўднага прафесіянала. Жыхары Дзятлава і раёна добра ведаюць яе. Таццяна Аляксандраўна прыехала сюды разам з мужам зусім маладзенькай і аддала працы ў дзятлаўскай бальніцы ўсё сваё жыццё, адносілася да чужых дзяцей, як да сваіх, не раз ратавала немаўлят.

А мяне самую ўратаваў Дзмітрый Латушка, калі здарылася бяда. Абмінула гэтая бяда мой дом менавіта дзякуючы прафесіяналізму і залатым рукам доктара-хірурга. Нізкі паклон яму за гэта.

Ад усёй душы жадаю Дзмітрыю Леанідавічу здароўя і мужнасці жыць і змагацца за жыццё, такое цудоўнае і непаўторнае.
Працаздольнасць, прафесіяналізм, дабрыня і спагада – гэта якасці Інэсы Гусевай, яшчэ аднаго доктара Дзятлаўскай бальніцы. Менавіта яна стала цэнтральнай фігурай падчас эпідэміі ў 2020-22 гадах, калі не было ратунку ад невядомай хваробы, масава паміралі людзі, бальніца была перапоўнена хворымі, урачы падалі з ног ад стомы, самі хварэлі. Яна працавала амаль без адпачынку, заражалася сама, змагалася з хваробай і зноў выходзіла на вахту. Інэса Анатольеўна – чалавек высокадухоўны, які добра ўсведамляе сваю місію і ідзе шляхам служэння людзям.

Сёння ў Дзятлаўскай бальніцы і паліклініцы працуюць медыкі новага пакалення, многія з іх – выпускнікі гімназіі №1 г. Дзятлава, мае вучні. Ім ёсць у каго вучыцца і з каго браць прыклад, каб таксама стаць прафесіяналамі і служыць людзям.

Хочацца пажадаць усім медыцынскім работнікам Дзятлаўскага раёна моцнага здароўя, цярпення, спагадлівасці да хворых і разумення важнасці іх прафесіі, адной з самых патрэбных на Зямлі.
Алена АБРАМЧЫК,
жыхарка г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga