Школьны мерыдыян

Грамадства Свежыя навіны

На экскурсію у Цэнтр бяспекі МНС

Навучэнцы 6-8 класаў Дварэцкай сярэдняй школы наведалі Цэнтр бяспекі МНС у Лідзе. У ходзе экскурсіі яны даведаліся, чаму адбываюцца пажары і што рабіць у першую чаргу, з якім узгараннем можна справіцца самастойна і што ў гэтым можа дапамагчы, як аказаць першую дапамогу, як паводзіць сябе на вадаёмах, у лесе, на балоце, пры навальніцы. З дапамогай інавацыйных тэхналогій і трэнажораў дзеці мелі магчымасць адпрацаваць практычныя навыкі выратавання людзей, выкліку экстранных службаў, эвакуацыі з задымленага памяшкання, навыкі бяспечных паводзінаў.

Хуткі, спрытны, моцны…

Мерапрыемствы па правядзенні прадметнага тыдня “Фізічная культура і здароўе” і “Дапрызыўная падрыхтоўка” прайшлі ў Круцілавіцкай сярэдняй школе.  Кожны дзень меў сваю назву, і штодня ва ўпартай барацьбе перамагалі наймацнейшыя. Навучэнцы прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў і выставе літаратуры, спаборнічалі ў скачках праз кароткую скакалку, у стральбе з вінтоўкі, умацоўвалі і развівалі футбольныя навыкі, паказалі свае лепшыя вынікі ў падцягванні і адцісканні.

Гуляй, Масленіца!

У пасёлку Казлоўшчына ў святкаванні Масленіцы прынялі ўдзел  выхаванцы Казлоўшчынскага дзіцячага сада разам са сваімі выхавальнікамі. Гэта выдатны спосаб весела правесці час з дзецьмі, расказаць ім пра культуру і традыцыі свайго народа. Тут ладзіліся танцы, гульні, карагоды, вясёлыя конкурсы, якія арганізавалі для дзяцей героі – скамарохі, Зіма, Масленіца. Вядома ж, прыгажуня Вясна не давала сумаваць нікому! Традыцыйна свята скончылася частаваннем смачнымі і духмянымі блінамі.

Пабывалі  ў Мінску

У рамках праекта “Вандруй па Беларусі – выхоўвай патрыёта” навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі плошчу Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. Дзеці ўбачылі, што па перыметры плошчы знаходзяцца стэлы з картай Рэспублікі Беларусь, тэкстам Дзяржаўнага гімна, гербамі абласцей і сталіцы. З гонарам  знайшлі таблічку з Дзятлаўскім раёнам, які занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару.

У музеі “Краіна – міні” навучэнцы прайшлі квэст “Загадкі замкаў, палацаў і храмаў”, дзе іх чакала займальнае падарожжа па Беларусі, пазнавальныя рэдкія факты з гісторыі краіны.

За здаровы лад жыцця!

Выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава прынялі ўдзел у абласной акцыі для дзяцей дашкольнага ўзросту “Азбука ЗОЖ для малышей”. З імі былі праведзены гутаркі пра значэнне здароўя, фізкультхвілінкі, хвілінкі здароўя сумесна з медыцынскімі работнікамі, арганізаваны дыдактычныя, сюжэтна-ролевыя гульні, гульнявыя і праблемныя сітуацыі, заняткі, накіраваныя на фарміраванне гігіенічных навыкаў і здаровых звычак. А таксама яны пабывалі ў лялечным тэатры і паглядзелі казку “Чаму кот пасля ежы мыецца”.

Для бацькоў былі падрыхтаваны папкі-перасоўкі, актыўны ўдзел яны прынялі і ў фотачэленджы “Мы выбіраем здаровы лад жыцця!”, разам аформілі тэматычны альбом.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga