Пётр Цімафейчык: “Нярэдка ў чэрвені тут здараюцца буры”

Галоўнае Грамадства

Не так даўно па Дзятлаўшчыне прайшлася бура, наступствы якой давялося аператыўна ліквідаваць усім службам раёна.

Разам са старшынёй Казлоўшчынскага сельвыканкама Алай Гародка наведалі адзінокага жыхара вёскі Малдавічы, жыллё якога пацярпела ад стыхіі: ад падзення галіны з дрэва была пашкоджана страха.

Мужчыне 64 гады, ён малады пенсіянер, усё жыццё правёў у роднай вёсцы. Некалі жыў тут з бацькамі, працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве спачатку слесарам, затым вартаўніком. Апошнія некалькі гадоў даглядаў нямоглага бацьку, цяпер застаўся адзін.

Пётр Пятровіч сустракае нас на вуліцы, расказвае пра сваё жыллё:

– Гэты дом вельмі стары, яшчэ пазамінулага стагоддзя. Прыблізна таго ж узросту і два высокія ясені ў двары. Нярэдка ў чэрвені тут здараюцца буры, галіны падаюць на страху, пашкоджваючы яе. Асобныя ўчасткі я раней латаў, але цалкам рамонт тут не зробіш, стары дом гэтага не вытрывае.

– Ці страшна было ў час навальніцы?

– Усё здарылася гадзін у сем вечара, я быў у доме. Вядома, крыху спалохаўся, але нічога страшнага, з такім я ўжо не раз сутыкаўся. Нават электрычнасць не адключалася, толькі што вады патрапіла ўнутр.

Мясцовыя ўлады і адказныя службы паклапаціліся аб пацярпелым: пасля здарэння наведалі мужчыну, прапанавалі яму выехаць з аварыйнага жылля, часова размясціцца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Казлоўшчыне, а таксама некалькі варыянтаў арэнднага жылля. Ад пераезду ў часовы прытулак мужчына катэгарычна адмовіўся, пацвердзіўшы сваю волю пісьмова, да брата, які знаходзіцца з сям’ёй непадалёку ў Лявонавічах, таксама ісці не збіраецца. Сястра жыве далёка, у Ваўкавыску, прыязджае нячаста.

– Я прывык жыць адзін, сам сабе гаспадар. У сваім доме мне ўсяго дастаткова, пенсіі таксама хапае, калі надта прысмакаў не купляць. Як выйшаў на адпачынак, жыву звычайна, у печы палю, часта наведваю магілы продкаў, даглядаю их. Прывык да сціплых умоваў і стрыманага ладу жыцця, куды ўжо нешта мяняць? – разважае Пётр Цімафейчык.

Аднак на прапанову аб арэндным доме адказвае станоўча. З некалькіх варыянтаў упадабаў кватэру ў двухкватэрным аднапавярховым доме каля магазіна “Капеечка” ў гарпасёлку. Нават халадзільнік з сабой пакуль браць не збіраецца, бо там зможа патрэбныя прадукты адразу набываць. А вось назапашаныя дровы перавязе абавязкова, каб там паліць у печы.  Мужчына ўжо напісаў заяву на атрыманне кватэры, цяпер пры дапамозе старшыні сельвыканкама займаецца афармленнем неабходных дакументаў. Спадзяёмся, разам у іх усё атрымаецца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga