Памяць – галоўны вораг вайны

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёння 22 чэрвеня 2024 года. У Беларусі адзначаецца сумная дата – дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Гэты дзень нагадвае аб усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і пазбаўленняў.

Для многіх, асабліва маіх аднагодкаў, гэта вайна стала далёкай гісторыяй, якая іх не датычыцца. Мы прывыклі да мірнага жыцця, у якім для кожнага ёсць магчымасць адпачываць, вучыцца, працаваць, падарожнічаць… І часта нават не задумваемся, што ўсё гэта дзякуючы таму, што жывём у свабоднай і незалежнай краіне, на мірнай зямлі, пад мірным небам. Ці ўсведамляем, ці цэнім мы гэта?

Так хочацца, каб адказ на гэта пытанне быў стопрацэнтна станоўчы! Каб усе на стагоддзі памяталі: калі забываюць вайну, пачынаецца новая. Памяць – галоўны вораг вайны.

Успамінаючы тыя трагічныя падзеі, людзі з жахам перажываюць іх зноў, праз дзясяткі гадоў. У мяне сёння няма такога суразмоўцы, але, магчыма, гэта адна з расказаных гісторый…

“22 чэрвеня 1941 года… Раніцай мяне пабудзіла мама. Яна, спяшаючыся, збірала рэчы, чамусьці была вельмі моцна ўсхваляваная. Я не разумела, што адбываецца, але паслухмяна апраналася. У дом забег тата. Ён быў пагранічнікам. Мы жылі з ім на заставе. Схапіўшы мяне на рукі, тата моцна прыціснуў да сябе і сказаў, што мы з мамай паедзем да сваякоў. Я не ўяўляла, дзе гэта і да якой радні мы так раптоўна з’язджаем. Але неўзабаве мы былі на чыгуначным вакзале. Нягледзячы на свой невялікі ўзрост (мне было чатыры з лішнім гады) я ўжо ездзіла на цягніку. Але столькі людзей на вакзале я не бачыла ніколі. Усе крычалі, тоўпіліся. У цягнік мы прапіхнуліся з вялікай цяжкасцю толькі дзякуючы тату. Ён пацалаваў нас і сказаў: “Усё будзе добра”. Гэта былі апошнія татавы словы, пачутыя мною. Больш я яго ніколі не бачыла…

А потым быў гул самалётаў, выбухі, падпаленыя вагоны, крыкі людзей, скрываўленыя трупы…

Мне было страшна, я і не думала, што хачу есці і піць. Мы так хутка беглі, што я нават плакаць не паспявала. Адно супакойвала мяне – мама была побач. Змучаная, спалоханая, гразная, але са мной.

Здавалася, што гэта ўсё хутка скончыцца, і будзе так, як было яшчэ ўчора: мір, спакой, мама, тата, дом, на стале маміны піражкі і ў вазе букет палявых кветак, якія тата прынёс маме. Мама вельмі любіла палявыя кветкі. А якія прыгожыя яна пляла з іх вяночкі!

А цяпер пад бамбёжкай гэтыя кветкі змешваюцца з зямлёй, гараць пад нагамі людзей, якія бягуць у нікуды і паміраюць проста на хаду…

Што было потым, я дрэнна памятаю. Мы доўга бадзяліся, жылі ў нейкіх чужых людзей. Уцякалі, хаваліся, галадалі, хварэлі. Нягледзячы на ўвесь гэты жах, як аказалася, самае страшнае было наперадзе, калі мы патрапілі ў лапы фашыстаў.

Вялікім натоўпам нас гналі невядома куды. Гэта былі старыя, жанчыны і дзеці. Многія дрэнна апранутыя і абутыя, нягледзячы на холад адыходзячай зімы, многія – хворыя і нямоглыя. Па дарозе немцы здзекаваліся з людзей, білі, спускалі на іх сабак, дастрэльвалі або пакідалі паміраць проста ў гразі на дарозе.

Мама ўвесь час спрабавала закрыць мяне сабой, каб я не бачыла ўсяго гэтага жаху. А мне было так страшна, што я сама ўвесь час у такіх выпадках самаадвольна закрывала вочы і спрабавала схавацца за маму.

Гэта дарога здавалася бясконцай. Але яна скончылася…

Скончылася за калючым дротам. Нас, галодных, халодных і змучаных, прыгналі на балота.

Я мала тады што разумела. Для чаго нас туды прыгналі? Чаму гэта з намі адбываецца? Калі гэта ўсё скончыцца?

Але я бачыла, як паміраюць людзі. Паміраюць ад голаду, холаду, хвароб і здзекаў. Як распранаюць памерлых іншыя, каб сагрэцца і выратаваць сваё жыццё. Як іх забіваюць за спробу распаліць вогнішча або наламаць галінак для падсцілу, каб не ляжаць у балоце. Як яны губляюць сваіх блізкіх, дзяцей. Як яны вар’яцеюць ад гэтага, кідаюцца самі на кулі, таму што няма больш сіл трываць.

Я ведаю, як можа ўсё балець унутры, таму што ты хочаш есці ці вельмі прамокла і замерзла. Ведаю, як піць брудную ваду з балота, у якім ляжыць і гніе мноства трупаў. З жахам назіраць, як плачуць над сваімі маці, якія не прачнуліся, дзеці. Кожную хвіліну баяцца, каб не памерла твая мама. Моцна трымаць яе за халодную руку і правяраць, ці дыхае яна. І чакаць… Чакаць, калі ж “усё будзе добра”, як сказаў у апошніх словах тата.

За гэтым калючым дротам мы былі некалькі дзён. Нас вызвалілі нашы салдаты. Мы яшчэ доўга лячыліся ў шпіталі, дзе паміралі знясіленыя і змучаныя людзі. Мама таксама не акрыяла ад хвароб і неўзабаве памерла. Я вырасла ў дзіцячым доме.

Толькі потым, праз шмат гадоў, я даведалася, што мы былі ў Азарыцкім канцлагеры”.

У свой час канцлагер Азарычы беларускі класік Якуб Колас назваў увасабленнем смутку, пакуты, болю і слёз беларускага і рускага народаў. За некалькі дзён ад хвароб, голаду, холаду і катаванняў тут загінула каля дваццаці тысяч мірных жыхароў, прыкладна палова тых, каго туды прыгналі.

Я не памятаю, дзе прачытала фразу: “Той не чалавек, хто забудзе Азарычы”, але я перакананая, што яна справядлівая.

Тыя, хто там быў, прайшоў сапраўды крыжовы шлях, шлях страшэнных пакут, неймаверных здзекаў і нечуванай жорсткасці.

Горыч і боль за ўсіх людзей, за ўсіх дзяцей, якія загінулі ў гады вайны. І радасць ад таго, што жыву цяпер, а не ў той страшны час.

Любоў ЛЯЎШУК,
выпускніца Дварэцкай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: