Па тэме з аналітыкай. Каб лета пакінула толькі прыемныя ўражанні

Важнае Грамадства

Тэма: Бяспека дзяцей на летніх канікулах, магчымыя рызыкі, карысная занятасць

Факт

На пачатку летніх канікулаў перад журналістамі выступіла начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч. Яна расказала аб рэспубліканскай статыстыцы прычын гібелі дзяцей ад знешніх фактараў. Сярод іх, па-ранейшаму лідзіруюць дарожна-транспартныя здарэнні, пажары, утапленні, падзенні з вышыні, злачынныя дзеянні, суіцыды. Сёлета назіраецца трывожная тэндэнцыя: за пяць месяцаў у Беларусі ад знешніх прычын загінулі 42 дзіцяці. Гарантаванне бяспекі дзяцей – галоўным чынам задача бацькоў.

Лічбы

Арганізацыю летняга адпачынку і занятасць дзяцей у летні перыяд на пачатку чэрвеня абмеркавалі ў Гродзенскім аблвыканкаме. Было анансавана, што ў чэрвені-жніўні ў вобласці будуць працаваць 705 летнікаў усіх тыпаў, дзе плануюць аздаравіць каля 48 тысяч школьнікаў.

Было адзначана, што занятасць і ўдзел у карысных мерапрыемствах могуць стаць адным са спосабаў прадухілення праблемных паводзінаў у падлеткаў і рызыкаў надзвычайных сітуацый з іх удзелам.

Каментарыі спецыялістаў

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан:

– Напярэдадні летніх канікулаў асабліва актуальнай становіцца прафілактыка правапарушэнняў, ужывання алкаголю або наркотыкаў непаўналетнімі, паколькі ў гэты час дзеці і падлеткі звычайна маюць больш вольнага часу і менш нагляду з боку бацькоў.

З пачатку года ў раёне не зарэгістравана злачынстваў з удзелам непаўналетніх, але некаторыя дзеці могуць сутыкнуцца з павышаным ціскам з боку аднагодкаў або трапіць у непрыемную сітуацыю. Таму важна падтрымліваць дзяцей, слухаць іх і дапамагаць ім вырашаць любыя праблемы. Важна таксама нагадаць бацькам аб неабходнасці кантролю за інтэрнэт-актыўнасцю непаўналетніх. Падлеткам не варта без ведама бацькоў хадзіць у лес, на вадаёмы, ездзіць у іншы населены пункт. Катэгарычна забараняюцца гульні паблізу чыгункі ці праезнай часткі дарогі, а таксама паходы на пусткі, у закінутыя будынкі, на звалкі. Не рэкамендуецца размаўляць з незнаёмымі людзьмі, рэагаваць на знакі ўвагі ці якія-небудзь загады старонніх.

Метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк:

– На Дзятлаўшчыне на канікулах збіраемся аздаравіць 1296 навучэнцаў. У аздараўленчых летніках, якія арганізуюцца ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі раёна адпачнуць 952 дзіцяці, яшчэ 156 навучэнцаў – у аздараўленчых летніках, якія арганізуе Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Чатыры змены школьнікаў – 188 хлопчыкаў і дзяўчынак – прыме на аздараўленне дзіцячае аддзяленне “Баравічок” філіяла санаторый “Радон” ААТ “Белаграўздраўніца”. Першая змена адкрыта 3 чэрвеня, а апошняя завершыцца 28 жніўня. Намаганні спецыялістаў скіраваны на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, якасную арганізацыю іх вольнага часу, недапушчэнне злачынстваў і правапарушэнняў.

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– У сёлетніх планах паклікаць у студатрады 177 маладых людзей. Запісацца ў атрад могуць навучэнцы ўжо з 14 гадоў. Іх прымуць сельгаспрадпрыемствы раёна, выказалі такое жаданне і адміністрацыі Дзятлаўскіх ЦРБ, РУП ЖКГ. Працоўная змена пачнецца ў чэрвені на базе сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе падлеткі зоймуцца відавой праполкай. Пазней студатрадаўцы будуць дапамагаць аграрыям на жніве, а ўвосень – на ўборцы бульбы. У кастрычніку, калі ападзе лісце, мяркуецца зноў прапанаваць дапамогу камунальнікам для навядзення парадку ў райцэнтры.

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Губар:

– На канікулах у чэрвені-жніўні раённая служба занятасці прапаноўвае навучэнцам 123 працоўныя месцы на базе школ. Сярод відаў часовых работ – рамонтныя ў школах, азеляненне тэрыторый, добраўпарадкаванне навучальных установаў, рэстаўрацыя кніжнага фонду бібліятэк, вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі, іншыя даступныя віды.

Аплата працы моладзі, якая працуе ў вольны ад вучобы час, праводзіцца прапарцыянальна адпрацаваным гадзінам або ў залежнасці ад выкананага аб’ёму работ. Наймальнік мае права, але не абавязаны, устанаўліваць даплаты да заработнай платы маладых людзей.

Важна

Неабходна навучыць непаўналетніх, каб яны заўсёды паведамлялі бацькам, куды і з кім ідуць гуляць, дзе і да якога прыкладна часу будуць знаходзіцца, а таксама, каб дзіця перыядычна тэлефанавала даросламу.

 Дарослыя не павінны быць абыякавымі. Калі здарылася стаць сведкамі небяспечных дзіцячых гульняў, трэба падысці, зрабіць заўвагу, расказаць пра магчымыя наступствы такіх паводзінаў. Часам варта нават патэлефанаваць бацькам гэтага дзіцяці і расказаць, дзе і з чым яно гуляе.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga