Няма прычын для хвалявання

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

20 чэрвеня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці працавала выязная “Адкрытая прыёмная для бізнесу”, у час якой прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу мелі магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю спецыялістаў аблвыканкама, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.

У рабоце прыёмнай прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва, арганізацый і службаў Дзятлаўскага раёна. На працягу некалькіх гадзін спецыялісты падтрымкі прадпрымальніцтва, эканомікі, гандлю, санітарна-эпідэміялагічнай службы, падатковых органаў, архітэктуры і будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя кансультавалі індывідуальных прадпрымальнікаў, супрацоўнікаў арганізацый, адказвалі на пытанні. Жадаючыя маглі пракансультавацца ў пытаннях падаткаабкладання, цэнаўтварэння, рэарганізацыі, прыватызацыі бізнесу, маёмасных спрэчак, прымянення бухгалтарскага і падатковага заканадаўства, падзяліцца праблемамі, якія ўзніклі пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.

Напрыклад, індывідуальнага прадпрымальніка Руслана Татарчыка хвалявала пытанне механізму падаткаабкладання:

– Займаюся дахавымі работамі. Сёння прыйшоў з пытаннем, чаму падатак на ажыццяўленне дзейнасці ў абласным цэнтры і ў нашым раёне са значна меншымі колькасцю насельніцтва і аб’ёмам работ аднолькавы. Атрымаў падрабязнае тлумачэнне. Буду чакаць выдання новага пераліку юрыдычных асобаў, спадзяюся, таксама папоўню іх рады.

Як адзначылі спецыялісты, істотная колькасць пытанняў – замельныя.

– У адкрытую прыёмную для бізнесу звярнуўся мужчына па тлумачэнне працэдуры ўзаконьвання самавольных гаспадарчых пабудоваў, –  расказала намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Ганна Кароза. – Адпаведны ўказ дзейнічае ўжо больш за год, таму такія звароты хутчэй адзінкавыя, аднак яшчэ раз высветліць, як рабіць правільна, не будзе лішнім. Важна ўлічваць як асаблівасці населенага пункта, межы ўчастка, так і ўстаноўлены парадак афармлення дакументацыі.

Адной з важных пераваг адкрытай прыёмнай для бізнесу з’яўляецца яе даступнасць: усе жадаючыя без папярэдняга запісу могуць звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў, час і месца правядзення загадзя анансуюцца ў СМІ і праз электронную рассылку. Аднак гэтам разам жадаючых атрымаць кансультацыю было няшмат. Намеснік  старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская заўважае, што гэта нармальная практыка:

– Сёння на пляцоўцы “Адкрытая прыёмная для бізнесу” не шматлюдна, бо пераважная большасць пытанняў вырашаецца штодзень у рабочым парадку. Актуальныя пытанні, што найбольш хвалююць дзятлаўчан, – гэта змяненні ў гандлёвым заканадаўстве, якія набудуць сілу з 1 ліпеня. Сярод іншага, усе формы прыватнага бізнесу будуць пераведзены на электронную форму падачы дэкларацыі аб даходах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga