Навагодні чэлендж на канале “Першая-ТБ”

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Свята пад такой назвай 27 снежня ладзілася для інтэлектуалаў Дзятлаўшчыны ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

У тэлепадарожжа з вядучымі самых папулярных праграм года пераможцаў алімпіядаў, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў запрасілі настаўнікі і навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

Павіншаваць юных талентаў прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч, загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш.

Стаць дастойнымі людзьмі, праславіць родны край, дасягнуць значных прафесійных поспехаў і ніколі не забываць сваіх настаўнікаў і бацькоў, якія далі надзейны старт, інтэлектуалам пажадаў Аляксандр Бараноўскі.

Танцавальнае прывітанне з Каляднага дабрачыннага Белага балю, які ў снежні 2019 года ўпершыню прайшоў у Гродне для самых таленавітых маладых людзей Прынёмання, перадалі землякам наведвальнікі мерапрыемства Лізавета Салата і Аляксей Пацыновіч.

 

Затым прысутных запрасілі прыняць удзел у праграме “Арол і рэшка” і даведацца, як сустракаюць Новы год у розных краінах свету. Праграма “Паспець за 24 гадзіны” расказала аб тэндэнцыях сучаснай моды, а яе вядучы заклікаў прысутных “пралайкаць” самых стыльных сяброў каляровымі стыкерамі. Разам са “Студыяй “Саюз” узгадвалі вядомыя песні. Пераможца агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” Аляксандр Радзецкі прачытаў пранікнёны верш, а Дзмітрый Палухін у праграме “А вам слабо?” павіншаваў усіх песняй. З праграмай “Маршрут пракладзены” ўзгадвалі значныя падзеі гісторыі роднага краю. Роставыя лялькі правялі вясёлы флэш-моб. Так дачакаліся Дзеда Мароза і Снягурачку, якія расказалі аб звярах-татэмах нашых продкаў і пажадалі здзяйснення мараў і планаў у новым 2020 годзе. Галоўны  музычны чэлендж “Гуляй і спявай” зрабіў апошнія хвіліны свята вясёлымі і запамінальнымі. Пакуль інтэлектуалы забаўляліся, ім прынеслі традыцыйныя салодкія падарункі ад аддзела адукацыі.

Ірына СТЫРНІК



Теги: