Няхай “Білет у будучыню” для кожнага стане шчаслівым! (+відэа)

Галоўнае Улада

Кранальны вальс, шчырыя пажаданні, цёплыя віншаванні, пышныя букеты, модныя сукенкі, лёгкія слязінкі на дзявочых вейках – так са школьным дзяцінствам развітаўся выпуск-2024.

14 чэрвеня ў 17 гадзін урачысты святочны баль сабраў на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве 142 выпускнікоў 11-х класаў з дзевяці ўстановаў адукацыі нашага раёна, іх настаўнікаў, бацькоў, гасцей.

Яркую святочную праграму з сімвалічнай назвай “Білет у будучыню” падрыхтавалі навучэнцы і калектыў гімназіі № 1 горада Дзятлава, раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пры падтрымцы работнікаў культуры.

Адкрыла свята прыгожае ўрачыстае шэсце выпускнікоў. Пакуль калоны рухаліся ўздоўж плошчы, вядучыя называлі імёны тых, хто за гады вучобы праславіў свае школы як выдатнік, пераможца прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Было падкрэслена, што выпуск-2024 стартуе ў Год якасці і вялікага юбілею – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і горада Дзятлава было прадастаўлена дырэктару Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігару Данільчыку, пад кіраўніцтвам якога калектыў стаў пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі і занесены на раённую Дошку гонару; дырэктару Дварэцкай сярэдняй школы Наталлі Болтач – па выніках уступнай кампаніі-2023 установа стала партнёрам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы; дырэктару Гезгалаўскай сярэдняй школы Эдуарду Ненартовічу – 50 % выпускнікоў установы – уладальнікі атэстатаў з адзнакай, дзве выпускніцы атрымалі 100-бальныя вынікі цэнтралізаванага іспыту; дырэктару Хвінявіцкай сярэдняй школы Святлане Цілігузавай – установа стала прызёрам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі-2023, іншых значных конкурсаў.

– Для кожнага чалавека заканчэнне школы – урачыстая і кранальная падзея, час, калі закладваецца падмурак далейшага жыцця – адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Вы актыўныя і творчыя, сярод вас пераможцы алімпіяд, навуковых канферэнцый, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтваў, у тым ліку 17 залатых і адзін сярэбраны медаліст. Вашы поспехі – вынік сумеснай з педагогамі працы. Яны зрабілі ўсё для вашага станаўлення. Асаблівая ўдзячнасць настаўнікам, якія дасягнулі вышынь педагагічнага майстэрства: Аляксандру Памбухчану, Людміле Календа, Таццяне Калашнікавай, якія падрыхтавалі стобальнікаў; Марыі Шавель, Кацярыне Латушка, Святлане Салаўёвай, Алене Радомскай, Сяргею Сокалу, Алене Баковіч, Аляксандру Грыцэвічу, Лідзіі Жых, Віталю Халюкову, Ірыне Шумскай, Тамары Крывені – за развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцяў вучняў. Шчыра дзякую і бацькам за працу, цярпенне, клопат і любоў, якую ўклалі ў выхаванне дзяцей. Перад выпускам-2024 адчыняюцца вялікія магчымасці для самарэалізацыі. Важна, каб кожны знайшоў сваё прызванне. Верце ў свае сілы, не бойцеся цяжкасцяў – яны гартуюць характар, імкніцеся стаць лепшымі, ніколі не спыняйцеся на дасягнутым, дзе б вы ні былі, годна прадстаўляйце малую радзіму!

Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыліся начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, клірык сабора Святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч, настаяцель рымска-каталіцкага прыхода горада Дзятлава ксёндз Андрэй Лішко.

Прыемным момантам свята стала цырымонія ўшанавання “залатога фонду” Дзятлаўшчыны – лепшых выпускнікоў. Для ўручэння медалёў яны былі закліканы на чырвоную дарожку з бацькамі, якіх адзначылі падзячнымі лістамі. Андрэй Садоўскі і Марына Лашкоўская ўручылі ўзнагароды выпускніцы гімназіі № 1 Вікторыі Шымчык; выпускнікам сярэдняй школы № 1 Арцёму Залеўскаму, Уладзіславу Касцюкевічу, Паўлу Крывульку; выпускнікам сярэдняй школы № 3 Валерыі Жых, Ксеніі Калодзіч, Дар’і Малько, Анастасіі Шавель; выпускнікам Гезгалаўскай сярэдняй школы Аляксандры Барабан, Дар’і Вараб’ёвай, Дар’і Лашкоўскай, Анастасіі Сазановіч, Мацвею Шыкуцю; выпускнікам Новаяльнянскай сярэдняй школы Паліне Лебедзь, Аляксею Макарчыку; выпускніцы Дварэцкай сярэдняй школы Анастасіі Сідорчык; выпускніцы Хвінявіцкай сярэдняй школы Аляксандры Дзенісенка. Сярэбраны медаль атрымала выпускніца Казлоўшчынскай сярэдняй школы Валерыя Касцюк.

З развітальным словам перад сваімі настаўнікамі, школьнымі сябрамі і землякамі выступілі выпускнікі гімназіі № 1 горада Дзятлава. Яны паабяцалі абавязкова стаць “самымі яркімі фарбамі на палотнішчы пад назваю “жыццё”.

Па добрай традыцыі выпуск-2024 загадаў запаветныя жаданні. Як сімвал лепшых памкненняў і мараў з іх рук у неба ўзляцелі дзясяткі паветраных шароў. Не паспелі шары схавацца за гарызонт, як па плошчы ў развітальным школьным вальсе плаўна закружылі прыгожыя пары. Завяршыўся баль цёплымі пажаданнямі, шчырымі віншаваннямі, а затым у знак памяці – ускладаннем букетаў да помнікаў.

 

Выпускнікі, іх бацькі, родныя падзяліліся ўражаннямі ад свята і выказалі пажаданні.

Станіслаў Белавус, Новаяльнянская сярэдняя школа:

– Свята спадабалася, настрой – выдатны. Мы добра станцавалі вальс. Дзякую за цёплыя словы пажаданняў Марыне Яўгеньеўне Лашкоўскай, Андрэю Уладзіміравічу Садоўскаму, Аляксандру Станіслававічу Бараноўскаму, які быў у нас у школе на свяце апошняга званка.

Выпуску-2024 жадаю не здавацца, настойліва і да канца ісці да пастаўленых мэтаў праз усе перашкоды. Нашаму прыгожаму роднаму раёну – далейшага працвітання.

Крысціна Юркевіч, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава:

– Настрой цудоўны, крыху сумны, бо не верыцца, што сёння канец школьнага жыцця, што яно не паўторыцца ўжо ніколі. Свята выдатнае, мне ўсё спадабалася. Вельмі ўдзячна сваім бацькам за падтрымку ў цяжкія хвіліны, за тое, што заўжды давалі ўсё, што было неабходна, настаўнікам – за надзейную базу ведаў, дапамогу.

Нашаму выпуску жадаю, каб кожны паступіў, куды задумаў, каб у жыцці ўсё атрымалася, мы – лепшыя. Гораду Дзятлава – заставацца такім жа вялікім, напоўненым усмешкамі людзей, мы яго вельмі любім.

Дзмітрый Вацлававіч і Вольга Іванаўна Залеўскія, бацькі Арцёма – выпускніка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Падтрымаць сына прыйшла ўся сям’я. Ён – наш вялікі гонар, бо скончыў школу на выдатна, адзначаны залатым медалём. Вельмі рады ўсім поспехам Арцёма, спадзяёмся на яго выніковае паступленне, новыя дасягненні. Сёння было вельмі прыгожае свята, усё прайшло на самым высокім узроўні, дзякуй арганізатарам.

Выпуску-2024 жадаем тройчы ўдачы, каб мары спраўдзіліся, каб удалым быў першы дарослы крок – паступленне, няхай ім спадарожнічае поспех, ва ўсім шанцуе.

Галіна Угнявая, бабуля выпускніцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасіі Шавель:

– Прыйшла падтрымаць сваю ўнучку, вельмі ёю задаволена, бо гадавала яе, а сёння ўбачыла, як ёй уручаюць залаты медаль, цяжка стрымліваць слёзы. Наша Анастасія спакойная, ураўнаважаная, пяшчотная, клапатлівая. Ёй і ўсяму выпуску жадаю, каб паступілі, каб выбралі прафесію па душы, яны столькі гадоў дзеля гэтага працавалі, вучыліся, стараліся.

Ірына СТЫРНІК

Фота Наталлі АВЯРЧУК