Пасяўная на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлета надвор’е добразычлівае да працаўнікоў зямлі і спрыяе правядзенню ранняй пасяўной кампаніі.

У сувязі з гэтым усе сельгаспрадпрыемствы раёна імкнуцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры.

Паводле звестак упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама, яравы клін сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўшчыны сёлета складзе 17 175 гектараў, 6 970 гектараў ад агульнай яго плошчы зоймуць раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры.

На працягу асенне-зімовага перыяду аграрыі ўсіх раённых сельгаспрадпрыемстваў правялі шэраг неабходных работ па назапашванні і вывазе арганічных угнаенняў, нарыхтоўцы мінеральных угнаенняў, набыцці элітных гатункаў насення, іх пратручванні, закрыцці вільгаці, ворыве.

Па стане на 26 сакавіка раённымі сельгасарганізацыямі нарыхтаваны 398 тысяч тон арганічных угнаенняў – 89 % да задання, вывезена на палі пад ураджай гэтага года 353 тысячы тон арганічных угнаенняў, што складае 89 % да задання, пад сяўбу яравых культур унесена ў глебу 188 тысяч тон арганікі – 47 % да нарыхтаванага.

Для павышэння ўрадлівасці глебы ва ўсіх сельгасарганізацыях працягваюцца работы па нарыхтоўцы мінеральных угнаенняў.

Па стане на 26 сакавіка ў раёне нарыхтаваны 6005 тон мінеральных угнаенняў, што складае 64 % да патрэбы.

Пад сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур падрыхтаваны 2113 гектараў, засеяна 870 гектараў ранніх збожжавых культур, што складае 12 % да задання.

Сяўба вядзецца  ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна, штодня аграрыі запраўляюць у глебу насенне на плошчы  ў 200 гектараў.

Аднымі з першых сельгаспрадпрыемстваў да сяўбы прыступілі механізатары КСУП “Жукоўшчына”.

Усяго пад сяўбу яравых у гаспадарцы адведзены 1175 гектараў зямлі, 330 з іх – пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры, 120 з якіх ужо засеяны.

Як паведаміў галоўны аграном КСУП “Жукоўшчына”  Яўген Бароўскі, у гаспадарцы запланавана пасеяць 230 гектараў ячменю сартоў “Ірына”, “Гонар”, “Бровар”, 70 гектараў пшаніцы і 20 гектараў ячменю. Штодзень аграрыі ажыццяўляюць сяўбу яравых культур па плошчы 35-40 гектараў.

Адначасова ў гаспадарцы вядуць работы па культывацыі глебы і ўнясенні мінеральных угнаенняў пад сяўбу яравых зерневых культур, ажыццяўляюць вываз і ўнясенне арганічных угнаенняў пад будучую сяўбу кукурузы і пасадку бульбы, вядзецца падсеў шматгадовых траў. Бліжэйшымі днямі пачнуцца работы па падкормцы азімых зерневых культур.

Сяўбу ранніх яравых плануецца завяршыць на працягу двух тыдняў, затым на чарзе – сяўба кукурузы і буракоў.

Актыўнымі тэмпамі пасяўная кампанія вядзецца і ў КСУП “Хвінявічы”. З планавых 370 гектараў, прызначаных пад сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур, засеяны 94 гектары – 25 % да задання. Усяго ў гаспадарцы пад яравыя культуры адведзены 1100 гектараў зямлі.

Тройку лідараў замыкае ААТ “Граніт-Агра”, дзе з 1067 гектараў, адведзеных пад сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур, насенне пасеяна на плошчы ў 255 гектараў, што складае 24 % да задання. Агульная плошча пад сяўбу ўсіх яравых культур у гаспадарцы  складае 2502 гектары.

Ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна ажыццяўляецца падрыхтоўка насення высокай рэпрадукцыі на далейшыя насенныя мэты. Акрамя гэтага, наладжана падкормка пашаў, вядзецца падсеў шматгадовых траў для нарыхтоўкі кармоў.

У час важных сельскагаспадарчых кампаній, асабліва пасяўных, прад’яўляюцца павышаныя агратэхнічныя патрабаванні. Земляробы ведаюць, што ўсе працэсы неабходна ажыццявіць, рацыянальна расходуючы паліўна-энергетычныя і матэрыяльна-працоўныя рэсурсы.

Аксна АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup