На ўсіх ветразях у кніжнае мора

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі падрыхтавалі для сваіх юных карыстальнікаў ТОП-10 нясумных дзіцячых кніг на лета.

Ганна Амасава “Піраты кацінага мора”, кніга 1 “На абардаж!”

Ці марыш ты пра пірацкія прыгоды, пра шыракаполы капялюш, рыпучыя рэйкі, як хвастае ў твар вецер? Малая Джэніфыр Катэс таксама не адмовілася б ад вольнасцяў марскога жыцця: вельмі ж ёй сумна сохнуць на беразе з цётачкай Кэтрын і стрыечнымі сёстрамі. А недзе далёка барозніць мора і акіяны яе бацька, капітан Флінт Катэс. Вырашана: Джэн наймаецца на карабель і адпраўляецца на пошукі бацькі…

Ліна Багданава “Школьны дэтэктыў”

Апавяданні пра сапраўдную хлапечую дружбу і смеласць, пра школьныя прыгоды… Стой! Ну якія ж прыгоды могуць адбыцца ў звычайнай школе? Ды якія заўгодна – калі ў аматараў прыгод ёсць фантазія. А з гэтым у герояў – поўны парадак!

Эдуард Веркін “Вялікая кніга шукальнікаў прыгод”

Для Фелікса Курапаткіна, хлопчыка, які адкрыў дэтэктыўнае агенцтва, летнія канікулы – самы гарачы сезон. Бо толькі яму пад сілу выратаваць горад ад зубастых монстраў, знайсці зніклага ўлюбёнца пляменніцы кангрэсмена і злавіць няўлоўнага злодзея-пярэваратня…

Валерый Гусеў “Шпіён на батарэйках”

Як быць, калі вам стала вядома, што нехта задумаў злачынства? Зразумела, паведаміць у міліцыю і перашкодзіць злыдню! Але раптам ваш новы знаёмы – ніякі не злыдзень, а таленавіты вынаходнік, якому калісьці здрадзіў лепшы сябар? Цяпер Стас хоча вывесці гэтага “сябра”, бізнесмена Харкова, на чыстую ваду і выкрыць яго цёмныя справы…

Сяргей Клімовіч “Розыгрыш. Прыколы са школы працягваюцца”

Школьныя прыгоды Лёшкі і Багдана ў самым разгары! Напэўна, гэтыя двое – самыя занятыя хлопцы ў свеце.  У іх кожны дзень мільён спраў. Паўдзельнічаць у конкурсе выпечкі і з’есці піражкі пераможцаў, разводзіць жаб і слімакоў на продаж. А калі спатрэбяцца бананы, то яны не адправяцца ў магазін, а стануць употай вырошчваць бананавую пальму…

Ягор Крымаў “Вундэркінды таксама плачуць”

У доме вельмі багатага чалавека скрадзена рарытэтная флейта. Абставіны справы такія, што следчы палкоўнік Берг звяртаецца па дапамогу да Дзяніса, Колі і Каці. Круг падазраваемых невялікі, але ў кожнага ёсць матыў і магчымасць здзейсніць крадзеж. Як вылічыць злачынца? Пакуль сышчыкі праводзяць следства пад прыкрыццём, нешта загадкавае адбываецца ў доме…

Каця Акавітая “Хто скраў кракадзіла?”, першая кніга з серыі “Вандроўкі ў часе”

Дзеянне гэтай дэтэктыўнай гісторыі адбываецца ў самых містычных месцах Пецярбурга. Тут знікаюць і знаходзяцца загадкавыя артэфакты, адбываюцца перамяшчэнні ў часе, а ва ўсіх падзеях самымі галоўнымі аказваюцца верныя і адважныя каты на чале з лепшым дэтэктывам сучаснасці катом Моцем.

Юрый Сітнікаў “Горад, якога няма”

Не чакаў Слаўка, што летні адпачынак у ціхім горным мястэчку можа стаць кашмарам. Раніцай ён чуе ад мясцовага старажылы, што дом, у якім іх пасялілі, нешчаслівы: пару стагоддзяў таму на тым месцы спальвалі ведзьмаў, і праз шмат гадоў там здараюцца няшчасці. Слава спачатку не верыць гэтаму, але нехаця аказваецца ў палоне невытлумачальных падзей…

Мікіта Трубачоў “Гісторыя на мільён”

Юныя героі лічаць, што легенды пра бязлітасных пярэваратняў, якім не менш за два стагоддзі, усяго толькі легенды, выдумкі. Але на справе аказваецца, што нават самыя непраўдападобныя,  фантастычныя легенды і міфы маюць пад сабой рэальную аснову…

Ральф Экхард “Невідзімка і машына часу”

Хлопчык Петэр жыве ў Аўстрыі і нічым не адрозніваецца ад нашых дзяцей, ды і ад сваіх таварышаў таксама, але… З ім здараецца неверагоднае: ён знаёміцца з самым сапраўдным невідзімкам.

Святлана МАГЕРА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga