Гэта ўсё маё роднае

Грамадства Свежыя навіны

Мяне вельмі радуе тое, што ўсё часцей успамінаюць аб сваёй малой радзіме тыя людзі, якія сталі паспяховымі ў жыцці, дасягнулі вышынь у бізнэсе, навуцы, спорце.

У кожнай мясцовай школы ёсць свае знакамітыя выпускнікі. І як жа ўсё-такі здорава, што малая зямля нараджае сапраўды вялікія сэрцы.

Як педагог лічу, што, напэўна, самым важным у выхаванні падрастаючага пакалення з’яўляецца выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы, пачуццё гонару за сваю малую радзіму. Гэта галоўныя эмоцыі, якія з’яўляюцца і напаўняюцца з самага нараджэння і да апошняга дня на гэтым свеце. І ў нашых сілах зрабіць тыя месцы, што выхавалі нас, яшчэ больш прыгажэйшымі і лепшымі. Радзіма для кожнага з нас – гэта памяць аб гісторыі, народная культура і імкненне перадаць яе нашчадкам, памяць сэрца і шчодрасць душы. Любіць Радзіму, вялікую і малую – гэта значыць рабіць усё, што ад цябе залежыць, каб землякам жылося лепш.

Малая радзіма – зусім не маленькая для душы і сэрца, гэта частка нашага жыцця, наша дзяцінства і юнацтва, першыя сябры і першае каханне, першыя надзеі, перамогі і няўдачы. І дзе б потым нам ні даводзілася бываць, менавіта бацькоўскі край застаецца самым райскім месцам на зямлі, дзе самае свежае паветра, самая смачная вада і самы таямніча-загадкавы лес.

Куды б ні закінуў нас лёс, заўсёды будзем звязаны нябачнымі ніткамі са сваёй малой радзімай, якая заўсёды жыве ў сэрцы. Як дрэвы, мы сілкуемся яе сілай. Мне здаецца, што той, хто не любіць родныя мясціны, той нічога любіць не здольны. А рану, нанесеную малой радзіме, праўдзівы патрыёт адчувае ў глыбіні свайго сэрца.

Я цаню мудрасць продкаў, якія стварылі мноства прыказак і прымавак пра Радзіму: «Хто за Радзіму б’ецца, таму сіла падвойная даецца»,  «Любоў да Радзімы ў агні не гарыць і ў вадзе не тоне», «Шмат краін прайшоў, а дабро толькі на радзіме знайшоў», а мая бабуля Таццяна заўсёды любіла паўтараць: «Родная зямелька і ў сне сніцца». А мне многія гады сніцца і сама бабуля, пяшчотная і добрая, як сама зямля родная.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

 

 



Теги: