КСУП “Хвінявічы” – дыпламант “Белагра-2024”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У індустрыяльным парку “Вялікі камень” завяршае сваю работу Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2024”, на якой Дзятлаўшчыну прадставіў калектыў камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Хвінявічы”.

Баран пароды тэксель, выгадаваны ў гаспадарцы, быў адзначаны дыпломам I ступені як прадстаўнік свайго віду.

– Гэта парода найбольш шырока прадстаўлена ў нашай гаспадарцы, яе пагалоўе на сёння складае 491 асобіну. Яна ж – самая распаўсюджаная ў Беларусі і Еўропе. Жывёліны багатыя воўнай і мясам, адрозніваюцца высокай пладавітасцю, – расказала галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы” Марыя Слушко.

 

Да выставы рыхтаваліся загадзя: выбралі самага прыгожага барана-вытворцу, пастрыглі, прывучылі да людзей і нават правялі азы дрэсіроўкі: на выставе жывёле належала не толькі пазіраваць, але і ўдзельнічаць у дэманстрацыйным паказе-выгуле племянных авечак. За гэты час гадаванца ўсе вельмі палюбілі і нават далі яму мянушку – Жора.

– Нам выпала паўдзельнічаць не толькі ў выставе, але і ў традыцыйным яе мерапрыемстве – выгуле жывёлаў з прадстаўленнем парод. Пакуль агучваліся характарыстыкі і перавагі тэкселя, наш гадаванец рабіў “круг гонару”, выходзіў на подыум, каб усе маглі пабачыць яго, – расказвае Сяргей Валер’евіч. – Да гэтага падапечнага доўга прывучалі на ферме ўсім калектывам. Жора паказаў на выставе сябе выхаваным і культурным.

– Якія ў вас уражанні ад мерапрыемства?

– Спадабалася тое, што на выставе былі прадстаўлены самыя розныя сельскагаспадарчыя жывёлы з розных рэгіёнаў Беларусі. Былі тут і шматплодныя прыгожыя авечкі суфолк, якіх мы не так даўно таксама пачалі гадаваць у гаспадарцы, ужо ёсць першыя ягняты ў помесі з тэкселем. Зацікавіла мясная парода авечак дорпер, якую зусім не трэба стрыгчы. Увогуле, вельмі добры вопыт, які будзе карысным для работы.

Наталля АВЯРЧУК
Фота ўдзельнікаў выставы