ГрадусПлюс. Не машына, а груда металалому

Важнае Грамадства

Нядаўна праз чат-бот газеты “Перамога” мы атрымалі паведамленне ад жыхаркі аграгарадка Гезгалы з просьбай параіць, дзе шукаць выйсце са складанай сітуацыі.

“Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Мяне, як і многіх жыхароў аграгарадка Гезгалы, хвалюе пытанне, які час можа займаць месца на аўтастаянцы неэксплуатуемы аўтамабіль, – піша жанчына. – У нас на стаянцы насупраць дома № 6 каля чатырох гадоў, наколькі я памятаю, займае парковачнае месца стары пабіты аўтамабіль “Фольксваген”. Колы спушчаныя, стаіць на дысках, гума даўно лопнула, фарба палупілася, выгляд, скажам прама, нікуды не годны. А галоўнае, займае месца не першы год».

Хто можа дапамагчы аграгарадкоўцам, тлумачыць старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў Алег Ляўкевіч:

– Безгаспадарны аўтамабіль на паркоўцы – гэта загрувашчванне тэрыторыі  агульнага карыстання. Для таго, каб утылізаваць транспартны сродак, які не эксплуатуецца, а толькі займае парковачнае месца доўгі час, мясцовым жыхарам трэба звярнуцца на свой участак камунальнай гаспадаркі або ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ з просьбай эвакуіраваць машыну. Арганізацыя правядзе разбіральніцтва, па выніках якога прыме камісійнае рашэнне аб эвакуацыі дадзенага транспартнага сродка.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з чат-бота газеты “Перамога”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga