ГрадусПлюс. Добрая справа атрымала завяршэнне

Важнае Грамадства

Прыемна ўсведамляць, што раённую газету не проста выпісваюць і чытаюць, але і даюць зваротную сувязь.

Нашы чытачы рэгулярна звяртаюцца ў рэдакцыю са сваімі назіраннямі або праблемамі, якія тычацца горада і раёна, шукаючы парады або вырашэння сітуацыі.

Гэтым разам у раёнку звярнуўся жыхар горада Дзятлава Віктар Нікіпорчык, якога ўсхваляваў беспарадак побач з яўрэйскімі могілкамі:

– Я жыву непадалёку ад гэтага месца, таму супрацоўнікі ваеннага камісарыята папрасілі мяне наведацца на магілу партызанскага доктара, размешчаную на могілках, праверыць перад 3 ліпеня, ці ўсё там у парадку, – расказаў Віктар Віктаравіч. – Аказалася, што пасля красавіцкага суботніка паблізу ад агароджы могілак засталася ляжаць куча пакетаў з травой, галін і вянкоў з магіл, якая хутка “абрасла” бытавым смеццем – бутэлькамі і падобным і прадаўжае павялічвацца.

Нераўнадушны да парадку ў родным горадзе, дзятлаўчанін Віктар Нікіпорчык цікавіцца, хто зможа вырашыць гэту праблему, пацвярджаючы свой аповед фотаздымкамі, зробленымі на тэлефон. Сітуацыю каменціруе дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк:

– На балансе нашай арганізацыі 110 могілак і пахаванняў па ўсім раёне, яўрэйскія могілкі ў Дзятлаве не ўваходзяць у іх лік. Аднак пытанне навядзення парадку на зячмлі мы не маглі пакінуць без увагі. Сумна, што ў дадзенай сітуацыі несумленна павялі сябе самі дзятлаўчане, якія сталі выкідваць на ўказаным месцы бытавое смецце, тым самым наўмысна забруджваючы горад.

Работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ у дзень звароту вырашылі праблему, парадак быў адноўлены, тэрыторыя вакол могілак – абкошана. Пакеты і галіны прыбралі, аднак засталося пытанне: паважаныя землякі, ці ведаеце вы, дзе ў Дзятлаве размешчаны сметніцы, кантэйнеры для другаснай сыравіны і цвёрдых камунальных адходаў? А калі ведаеце, навошта кідаеце смецце там, дзе яму зусім не месца?

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga