Дзелавы панядзелак. Адносіцца трэба па-гаспадарску

Важнае Улада

Летнія дні бягуць хутка, выкарыстоўваць іх як для сезонных работ, так і для рамонту будынкаў і дарог трэба максімальна эфектыўна.

Пра гэта і на іншыя тэмы ішла гаворка на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна.

Працавалі ў штатным рэжыме

Было адзначана, што мінулы тыдзень прайшоў для ратаўнікоў Дзятлаўшчыны ў штатным рэжыме. Выезды ажыццяўляліся для дапамогі насельніцтву, прадаўжаецца праверка пажарнай бяспекі ў прыватным сектары, ладзяцца прафілактычныя мерапрыемствы ў школьных летніках, ідзе маніторынг вадаёмаў.

У дзяжурную часць раённага аддзела міліцыі за мінулую сямідзёнку паступіла 51 паведамленне, былі ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы, выяўлены два факты вырастання дзікага маку ў вёсках Яцвезь і Парэчча, у стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы затрыманы два жывёлаводы.

Касіць не толькі ў полі

У гаспадарках раёна прадаўжаецца закладка кармоў, у якую пэўныя карэктывы ўносіць надвор’е. Адначасова ажыццяўляецца падкормка кукурузы азотнымі ўгнаеннямі. Зняты з захоўвання збожжаўборачныя камбайны, у дажджлівыя дні спецыялісты займаюцца іх рамонтам, каб своечасова быць гатовымі да жніва. Вядзецца работа і па фарміраванні будучых камбайнавых экіпажаў.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі даў даручэнне гаспадаркам за бягучы тыдзень разабрацца, дзе на перыяд уборачнай кампаніі будуць закліканы староннія механізатары. Таксама кіраўніка раёна цікавіла, чаму не ўсе сельгаспрадпрыемствы, якія маюць культыватары КРН, выкарыстоўваюць іх для падкормкі кукурузы. Як паказвае практыка, гэтыя агрэгаты эфектыўныя і менш затратныя ў фінансавым плане.

Закрануўшы тэму касьбы, Андрэй Садоўскі не мог не спыніцца на якасці абкошвання ўзбочын дарог і зялёных зонаў у горадзе. Дажджы спрыяюць таму, што месцамі вырасла даволі высокая трава – такога не трэба дапускаць. Да навядзення парадку неабходна адносіцца па-гаспадарску. Тое ж тычыцца і невыкарыстоўваемых аб’ектаў. Яны не павінны зарастаць травой і хмызнякамі, а доступ да іх варта надзейна закрываць, бо гэта, у першую чаргу, пытанні бяспекі: закінутыя будынкі прывабліваюць да сябе дзяцей. Балансаутрымальнікам належыць адказна адносіцца да такой маёмасці.

Позна – толькі з дарослымі

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго на рабочай нарадзе ў старшыні таксама закрануў актуальныя ў час летніх канікулаў тэмы правапарушэнняў сярод непаўналетніх і позняга знаходжання дзяцей на вуліцы без суправаджэння дарослых. Апошняя праблема патрабуе не меншай увагі, паколькі летась у райцэнтры менавіта ў позні час непаўналетнім было ўчынена забойства.

Віталій Станіслававіч падкрэсліў, што ў першую чаргу бацькі нясуць адказнасць за паводзіны і бяспеку сваіх дзяцей. Падлеткам, якім не споўнілася 16 гадоў, гуляць пасля 23 гадзін без суправаджэння забаронена законам. Для законных прадстаўнікоў такіх парушальнікаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: калі затрыманы першы раз, можа быць вынесена афіцыйнае папярэджанне, а калі паўторна – будзе штраф.

Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што закон адзін для ўсіх, яго патрабаванні належыць выконваць. У раёне дастаткова спецыялістаў, каб ладзіць рэйдавыя мерапрыемствы па вечарах, працаваць на папярэджанне, навесці парадак.

Іншыя тэмы коратка

У раёне прадаўжаюцца работы на аб’ектах будаўніцтва і капрамонту, а таксама па падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года.

У Хадзяўлянах ідзе мантаж станцыі абезжалезвання вады.

Па вуліцы Леніна райцэнтра хутка пачнецца пракладка водаправода, для жыхароў на час правядзення работ будзе арганізаваны падвоз вады.

Сёлета ў гарпасёлку Наваельня мяркуецца пракласці асфальтавае пакрыццё на некалькіх дарожных участках: каля царквы, па вуліцы Лясной да помніка, каля чыгуначнай станцыі.

14 чэрвеня ў 17 гадзін на плошчы 17 Верасня райцэнтра пройдзе традыцыйная ўрачыстасць для выпускнікоў 11-х класаў школ раёна. Затым юнакі, дзяўчаты, іх бацькі і педагогі адправяцца ў свае навучальныя ўстановы на выпускныя вечары.

Сталі вядомыя вынікі першага цэнтралізаванага экзамена. У раёне ёсць стобальніца па біялогіі. Гэта выпускніца Гезгалаўскай сярэдняй школы Дар’я Вараб’ёва.

16 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаць медыцынскія работнікі. Медыкі Дзятлаўшчыны таксама атрымаюць віншаванні і заслужаныя ўзнагароды.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: