Ад “святочных” да надзённых пытанняў

Важнае Улада

Прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання на чале са старшынёй райсавета Аляксандрам Бараноўскім.

На парадак дня былі вынесены чатыры пытанні. Аб ходзе рэалізацыі плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Указам Прэзідэнта быў зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў, на аснове якога распрацаваны раённы план. Згодна з ім дэпутацкім корпусам, арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі праводзяцца мерапрыемствы і рэалізуюцца праекты, скіраваныя на дапамогу ветэранам, вязням, інвалідам вайны, ушанаванне памяці загінулых, пошукава-даследчая і інфармацыйная работа, святочна-ўрачыстыя, патрыятычныя мерапрыемствы, праходзілі таксама адзіныя ўрокі, эстафеты і мітынгі памяці. У рамках акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець” да Міжнароднага дня вязняў нямецкіх канцлагераў адбыўся марафон “У сэрцы маім незагойная рана вайны”. 8 мая Дзятлаўшчына ўключылася ў рэспубліканскую акцыю “Беларусь памятае, памятаем кожнага” з віншаваннем ветэранаў і ўручэннем ім юбілейных медалёў. Яшчэ сем медалёў будуць уручаны 1-2 ліпеня. Атрыманы віншавальныя паштоўкі і лісты ад Прэзідэнта, з якімі ва ўрачыстай атмасферы віншаванні прымуць усе 12 удзельнікаў вайны і да іх прыроўненыя грамадзяне раёна.

Для добраўпарадкавання помнікаў і мемарыялаў праходзілі суботнікі і працоўныя дэсанты, загінулых ушаноўвалі ў час мітынгаў-рэквіемаў. 7 мая на ўрачыстым сходзе да Дня Перамогі ў Палацы Рэспублікі вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” Аляксандр Лукашэнка ўручыў старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэю Садоўскаму. Створана раённая група па архіўна-даследчай рабоце ў адносінах да загінулых у гады ваеннага ліхалецця і ахвяраў генацыду. Актыўна ў архіўнай рабоце ўдзельнічаюць моладзь і школьнікі. У гімназіі № 1 горада Дзятлава распрацаваны праект “Марафон Вялікай Перамогі, або Новае пакаленне аб вайне, перамозе, мірным часе”, да якога далучыліся іншыя ўстановы адукацыі. Удзельнічаюць вучні ў нацыянальным пошукавым праекце “Беларусь памятае, памятаем кожнага”. У раёне функцыянуюць піянерскія пошукава-даследчыя, экспедыцыйныя атрады. Шмат увагі надаецца экскурсійнай дзейнасці праз актывізацыю ўнутранага турызму. Сёлета дадзены старт раённай юбілейнай грамадска-турыстычнай акцыі “Дзятлаўшчына гераічная”. Закладзены юбілейныя алеі і сквер. Работа ў рамках плана прадаўжаецца.

Як яна арганізавана ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы і на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета падзяліліся метадыст бібліятэкі Марына Бортка і старшыня сельвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Што зроблена ўстановамі і службамі раёна для выканання комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы клешчавых інфекцый, а што яшчэ належыць зрабіць, патлумачыў доктар-эпідэміёлаг, загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Дзятлаўскага райЦГЭ Мікалай Дзядовіч. Для прафілактыкі ідзе актыўная вакцынаванне, прышчэплены 96 % работнікаў Дзятлаўскага лясгаса, якія складаюць групу рызыкі. Адзначана, што астатнія жыхары раёна таксама маюць магчымасць зрабіць прышчэпку, але на платнай аснове. Яшчэ адзін спосаб прафілактыкі – своечасовае скошванне расліннасці, а таксама хімічная апрацоўка месцаў адпачынку.

Былі таксама разгледжаны пытанні аб змяненні рашэнняў Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў № 292 ад 24 лютага 2023 года і № 187 ад 24 лістапада 2017 года. Рашэннем сесіі першае прыведзена ў адпаведнасць у сувязі са змяненнямі заканадаўства, другое пакінута без змяненняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga