Аб’ект “пад ключ”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дзятлаўскае ПМС – надзейны партнёр і адказны выканальнік работ.

Аб гэтым ведаюць не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прадстаўнікі малога бізнесу.

Так, калі прыватнаму прадпрымальніку Андрэю Цярэшку спатрэбілася добраўпарадкаваць тэрыторыю каля ўласнага магазіна, ён ведаў, да каго звярнуцца.

– Дзятлаўскае ПМС з самага пачатку работы магазіна з’яўляецца нашым пастаянным кліентам, набывае дэталі для аўтамабіляў, аўтахімію, масла. Яны выдатна працуюць, маюць унушальны машынна-трактарны парк і вопыт такіх будаўнічых работ. Звяртаўся менавіта да меліяратаў, бо ўпэўнены, што яны выканаюць увесь комплекс работ ад “А” да “Я” сваімі сіламі, зробяць гэта хутка і якасна, а я змагу засяродзіцца на сваёй рабоце, не адрываючыся на пытанні з будаўнічай пляцоўкі.

Галоўны інжынер Дзятлаўскага ПМС Дзмітрый Мазоль, які курыруе аб’ект, расказаў, што ў састаў работ уваходзіць выкананне ў плітачным пакрыцці аўтастаянкі, пляцоўкі для камунальных адходаў, пешаходных дарожак вакол магазіна і дэкаратыўнай зоны. Будзе закладзена больш за 200 пагонных метраў дарожнага і тратуарнага борта і каля 800 квадратных метраў пліткі. На аб’екце працуюць два экскаватары, франтальны пагрузчык, аўтамабіль МАЗ, каменшчыкі, падсобныя рабочыя і спецыяліст па ўкладцы пліткі.

– Здача аб’екта запланавана на канец чэрвеня, – расказвае Дзмітрый Іванавіч. – Думаю, справімся сваімі сіламі, без прыцягнення субпадрадчыка, тым больш што вопыту і рэсурсаў хапае.

Праект добраўпарадкавання яшчэ ў 2022 годзе выканала малады дзятлаўскі архітэктар Анастасія Забеліна, а вось каб рэалізаваць яго, прадпрымальніку давялося пачакаць сваёй чаргі, пакуль меліяратары вырашалі першаступенныя дзяржаўныя задачы. У выніку каля магазіна з’явіцца паркоўка для пакупнікоў, стаянка для ўласнай тэхнікі і невялікі зялёны ўчастак. Гаспадар абяцае, што магазін стане дастойным упрыгажэннем горада.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga