За фінансавую і дарожную бяспеку

Важнае Грамадства

У рамках рэспубліканскага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага – дзеці!” і напярэдадні Дня абароны дзяцей супрацоўнікі аддзялення Цэнтра банкаўскіх паслугаў № 422 ААТ “Белаграпрамбанк” у горадзе Дзятлаве сумесна з інспектарамі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Дзятлаўскага, Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў правялі рэспубліканскую прафілактычную акцыю “За фінансавую і дарожную бяспеку”.

Каб лета прайшло без здарэнняў, інспектары нагадвалі вадзіцелям аб неабходнасці выканання правілаў дарожнага руху, патрабаванні да перавозкі дзяцей у аўтамабілях, уручалі памяткі прафілактычнага характару.  Банкаўскія служачыя раздавалі буклеты, нагадвалі аб мерах бяспекі пры здзяйсненні фінансавых аперацый з дапамогай банкаўскіх картак, а дзецям дарылі  яркія паветраныя шары і інтэрактыўную каляровую кніжку аб фінансавай граматнасці і кібербяспецы “Гуляй з FinTeam”, дзе зразумелай мовай з ілюстрацыямі і размалёўкамі расказваецца, як самастойна распараджацца грашыма – расходаваць, зарабляць і нават збіраць, Ну і, вядома ж, не абышлося без такога патрэбнага ў любую пару года падарунка, як флікер.

Дарэчы, друкаваную і сувенірную прадукцыю атрымалі не толькі пешаходы, але і маленькія пасажыры дысцыплінаваных вадзіцеляў, якіх заахвоцілі за выкарыстанне аўтакрэслаў і бустараў, а астатнім аўтааматарам нагадалі аб неабходнасці ўключаць блізкае святло фар у час руху. Дадзенае патрабаванне ў рамках акцыі “Увага – дзеці!” дзейнічае да 5 чэрвеня.

Як адзначылі бацькі, яны  вучаць сваіх дзяцей не толькі выконваць правілы дарожнага руху, але і з малых гадоў распараджацца кішэннымі грашыма. І хоць, як аказалася, карткі банка ёсць не ва ўсіх, але ў сваіх скарбонках юныя жыхары Дзятлава копяць першыя зберажэнні і расходуюць іх эканомна. Самая маленькая ўдзельніца акцыі, сямігадовая Міраслава, адзначыла, што за ўласныя грошы яна купляе  не толькі прысмакі, але і падаруначкі сваім блізкім да святаў.

Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga