Вольга Рагачова: “Ідэалогія і СМІ працуюць як адна каманда”

Важнае Грамадства

У Магілёве прайшоў Форум медыйнай супольнасці Беларусі, у якім прымала ўдзел дэлегацыя Гродзенскай вобласці.

Ад Дзятлаўскага раёна яе прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова і галоўны рэдактар Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” Ірына Камарова.

Вольга Рагачова падзялілася сваім меркаваннем ад удзелу ў мерапрыемстве:

– Лагічна і заканамерна, што на медыйны форум былі запрошаны не толькі журналісты сродкаў масавай інфармацыі, але і прадстаўнікі раённай улады, ідэалагічныя работнікі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на форуме агучыў думку, да якой так ці інакш прыйдзе наша грамадскасць: на журналістаў трэба абапірацца, быць бліжэй да іх, не хавацца. Сёння ідэалогія і СМІ працуюць як адна каманда, эфектыўна вырашаючы актуальныя задачы, ад аператыўнага апавяшчэння насельніцтва, інфармацыйнага суправаджэння мерапрыемстваў, фарміравання станоўчага іміджу раёна на абласным і рэспубліканскім узроўні да барацьбы з выклікамі часу і знешнімі правакацыямі, якія, на жаль, немагчыма цалкам выкараніць.

Сёння праз раённую газету мы маем магчымасць не толькі даносіць інфармацыю, але і пачуць клопаты і праблемы жыхароў раёна, каб аператыўна іх вырашыць. Гэтаму спрыяе той факт, што газета даўно выйшла за межы друкаванага выдання, сёння яна прадстаўлена ў сацыяльных сетках і месенджарах, мае свой чат-бот для зваротнай сувязі. Сродкі масавай інфармацыі сёння на вастрыі грамадскага меркавання, яны не толькі адлюстроўваюць жыццё людзей, але і задаюць яго вектар. Асабіста магу сказаць, што высока цаню работу журналістаў, у прыватнасці, калектыву раённай газеты “Перамога”. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць словы ўдзячнасці за ўзаемадзеянне і ўпэўненасць у далейшым плённым супрацоўніцтве на карысць нашай роднай Беларусі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga