У дзятлаўскай міліцыі служыць дзяўчына з прыгожым і рэдкім у нашай мясцовасці імем Віорыка.
І няхай яе пасада гучыць не так паэтычна, як імя (Віорыка Сербін з’яўляецца оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку), затое поспехі і выніковасць маладой супрацоўніцы неаднаразова адзначала кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.
Цікава было пазнаёміцца з Віорыкай Валер’еўнай і больш даведацца пра яе дарогу ў даволі суровую па ўсіх мерках прафесію.
– Як вы сталі ўладальніцай такога незвычайнага імя, ці паўплывала яно на характар?
– Імя гэта малдаўскае і дакладна абазначае першую вясновую кветку, “пралеску, фіялку”. Я першае дзіця ў сям’і, таму назвалі Віорыкай. У свой час мой дзядуля жыў на граніцы з Малдавіяй, там гэта імя папулярнае, часта ўжываецца і не з’яўляецца такой “экзотыкай”, як на Дзятлаўшчыне. Што ж тычыцца характару, то магчыма, можна правесці пэўныя паралелі, калі падабаюцца менавіта такія тлумачэнні. Сапраўды, як першая вясновая кветка пераадольвае маразы, я стараюся пераадольваць складанасці на жыццёвым шляху, імкнуся да пастаўленай мэты.
У мяне трое дзяцей, і калі я была ў водпуску па доглядзе іх, то адначасова вучылася, па начах пісала кантрольныя і курсавыя, бо імкнулася рэалізавацца не толькі як мама, але і атрымаць прафесію. Я скончыла эканоміка-юрыдычны каледж у Баранавічах па спецыяльнасці “Правазнаўства” кваліфікацыі “юрыст”, затым паступіла на аднайменны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час паспела папрацаваць юрысконсультам, спецыялістам па кадрах, аднак для мяне работа з дакументамі вельмі аднастайная і нецікавая, хацелася большага.
– Рашэнне паступіць на службу ў міліцыю было выпадковым?
– Абдуманым. Яшчэ ў дэкрэце марыла аб гэтым, таму і паступіла на юрыста, бо ведала, што жанчыны-юрысты запатрабаваныя на службе. Безумоўна, адной спецыяльнасці было недастаткова, прайшла атэстацыю, 14 тыдняў адвучылася ў Цэнтры падрыхтоўкі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь, што ў Гаранях. Была выдатніцай, таму кожныя выхадныя дні праводзіла дома. Мне ўсё спадабалася, хаця некаторыя хлопцы казалі: “Тут складаней, чым у арміі”. Гэта быў пэўны “экзамен” на гатоўнасць служыць: пад’ём у шэсць гадзіны раніцы, трывогі, вучэнні. Некаторым было складана. Я ж лічу так: нездарма прыдумалі гэты курс у Цэнтры, бо які ж з цябе праваахоўнік, калі ты першапачаткова не здольны змагацца з цяжкасцямі.
– Што цяпер уваходзіць у вашы працоўныя абавязкі?
– Спачатку гэта была толькі вышуковая работа: адшукваць злачынцаў, без вестак згінулых, дзяржаўных даўжнікоў. Напрыклад, калі ў раёне прападае чалавек, то даводзіцца паднімаць аддзел па трывозе, арганізоўваць вышуковыя мерапрыемствы, заклікаць на дапамогу ўсе магчымыя структуры (РАНС, добраахвотнікаў). Пры такіх здарэннях суткамі можна не быць дома. Падобныя выпадкі часцей здараюцца летам, калі ў лес ходзяць і губляюцца грыбнікі.
Затым да маіх абавязкаў дадалася яшчэ і лінія супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, даволі актуальная, бо многія сучасныя злачынствы “пераходзяць” у сферу высокіх тэхналогій, правапарушальнікі выкарыстоўваюць шмат спосабаў падману грамадзян і новых схем.
– Вы зноў праходзілі навучанне?
– Нас пастаянна выклікаюць на вучэбна-метадычныя зборы, рэгулярна даводзяць інфармацыю пра новыя схемы махлярстваў, аднак асаблівых ведаў па праграмаванні не патрэбна, тым больш што мы, новае пакаленне, літаральна “выраслі за камп’ютарамі”. Безумоўна, злачынцы “не стаяць на месцы”, прыдумваюць усё новыя схемы. Напрыклад, апошнім часам не проста тэлефануюць і патрабуюць устанавіць праграмы аддаленага доступу, а ўжо “ўшылі” вірус у дадатак А1, і чалавек можа ўстанавіць на свой мабільнік “заражаную” праграму. У махляроў арганізаваны цэлыя інтэрнэт-офісы, яны нават “крадуць” чужыя тэлефонныя нумары, звоняць з іх сваім ахвярам, таму званок ад падманшчыкаў не абавязкова будзе з-за мяжы. Распаўсюдзіліся ў віртуальнай прасторы і падстаўныя платформы так званых крыптабіржаў, іншае. Жадаючыя зарабіць пералічваюць значныя сумы, застаюцца без сродкаў.
– Што вам дапамагае раскрываць такія справы, логіка ці інтуіцыя?
– І тое, і другое адначасова. Звычайна оперупаўнаважанаму будзе дастаткова правесці агляд тэлефона ці ноўтбука, прасачыць, адкуль у маладога чалавека без асаблівага заробку з’явілася шмат грошай, правесці іншую аператыўна-пошукавую работу – і злачынства будзе раскрыта. Пры пошуку людзей дапамагаюць звесткі ад насельніцтва: дзе быў заўважаны падобны па апісанні грамадзянін, у які бок ён рухаўся.
– Не страшна ажыццяўляць затрыманні?
– Звычайна пошукавую работу мы выконваем ў саставе групы, а гэта, як мінімум, тры чалавекі, таму адзін на адзін са зламыснікам ніхто не застаецца. Побач заўсёды ёсць калегі, якія пры неабходнасці падставяць надзейнае плячо.
– Як удаецца сумяшчаць работу і сям’ю?
– Проста ўвесь вольны час праводжу разам з дзецьмі. Калі затрымліваюся ці дзяжуру, “на баявую вахту” па доглядзе ўнукаў заступаюць мая мама і бацька дзяцей. Сямейны адпачынак мы стараемся ладзіць разам з сябрамі, такімі ж бацькамі з дзецьмі. Вялікай кампаніяй ездзім у іншыя гарады, ходзім у кафэ, наведваем аквапаркі, гульнявыя пляцоўкі, іншыя цікавыя мясціны.
– Ці варта дзяўчатам ісці ў міліцэйскую прафесію?
– Калі характар баявы, калі яны не баяцца выпрабаванняў, суровых будняў і могуць упэўнена ісці да пастаўленых мэтаў, то абавязкова трэба паступіць на службу. Я, напрыклад, аб сваім рашэнні яшчэ ні разу не пашкадавала. Пытанне ў тым, ці гатовы сам чалавек да гэтага.
– Як прафесіянал, што параіце людзям, каб яны не траплялі ў непрыемныя сітуацыі?
– Па-першае, ніколі не рабіць паспешных рашэнняў, заўжды даваць сабе час на роздум, нават калі паступаюць пагрозы. Усё трэба рабіць на “халодную галаву”. Па-другое, больш увагі надаваць блізкім, часцей тэлефанаваць, цікавіцца, ведаць іх інтарэсы і планы.
– Якой вы бачыце сябе праз пяць гадоў?
– Абавязкова ў гэтай жа прафесіі, бо яна падабаецца на ўсе 100 %. Хачу застацца на гэтай пасадзе, у родным горадзе, дзе вырасла, дзе жывуць бацькі. Мне па сэрцы тое, чым займаюся, упэўнена, што знаходжуся ў правільным месцы ў правільны час.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga