Дзятлаўшчына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”.
Мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі, адначасова прайшлі ва ўсіх сельсаветах раёна і ў Дзятлаве каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову.
Каля падножжа абеліска ў аграгарадку Гезгалы сабраліся жыхары, прадстаўнікі мясцовай улады, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, былыя афіцэры ракетных войскаў, школьнікі і дашкольнікі, педагогі.
Мітынг адкрыўся вынасам Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь. Удзельнікаў мерапрыемства павітаў старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Іван Свіб:
– Дзень Перамогі назаўжды застанецца ў гісторыі днём памяці загінулых у бітве з нацызмам, сімвалам гераізму людзей, якія змагаліся за свабоду і мірнае жыццё. Сёння мы ўзгадваем і ўшаноўваем тых, хто ў цяжкіх выпрабаваннях на фронце і ў тыле, не шкадуючы сябе, заваяваў Перамогу і падарыў нам магчымасць жыць, гадаваць дзяцей, упэўнена глядзець у будучыню.
З надыходзячым вялікім святам жыхароў і гасцей аграгарадка Гезгалы павіншаваў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.
– 9 Мая – свяшчэнная дата для ўсіх пакаленняў, якая стала сімвалам гераізму і адзінства нашага народа, вернасці Радзіме. Мы заўжды будзем помніць аб мільёнах загінулых, разбураных гарадах і спаленых вёсках, аб скалечаных і замучаных у фашысцкай няволі, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. – У сем’ях нашых землякоў, школьных музеях захоўваюцца баявыя ўзнагароды, франтавыя пісьмы, пажаўцелыя фотаздымкі. З іх глядзяць на нас бацькі, дзяды і прадзеды, многія з якіх так і засталіся вечна маладымі дзеля таго, каб мы змаглі жыць. З Днём Перамогі вас, дарагія суайчыннікі! Жадаю моцнага здароўя, аптымізму, доўгіх гадоў жыцця, светлых надзей, дабрабыту і шчасця.
Да віншаванняў далучыўся старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Аляксандр Волкаў:
– Дзень Перамогі – адно з самых важных святаў у нашай дзяржаве, і колькі б гадоў ні аддзяляла нас ад пераможнай вясны 1945 года, мы заўжды будзем з гонарам адзначаць гэты дзень, бо помнім, якой цаной і кім была здабыта Перамога. Мы пакаленне, якое ведала ветэранаў, павінны не забываць і перадаваць іх расповеды нашчадкам, каб нашы дзеці і ўнукі перадалі іх сваім дзецям і ўнукам. Памяць аб той вайне павінна жыць заўсёды. Дарагія землякі, у гэты вясновы перадсвяточны дзень жадаю вам здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой. Каб беларусы больш ніколі не зведалі жахаў вайны.
Шчырыя пранікнёныя словы памяці аб подзвігу старэйшых пакаленняў і тым, як дзецям патрэбен мір, выказалі навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы, іх дапоўніла музычная кампазіцыя ў выкананні Ксеніі Жылянінай.
У знак памяці і пашаны да землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да абеліска.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны КАМАРОВАЙ, удзельнікаў мітынгу
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ