Сям’я Войткаў прадставіць Дзятлаўшчыну ў Гродне

Галоўнае Грамадства

17 мая ў горадзе Гродне пройдзе абласны этап VІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2024”.

У абласным цэнтры Дзятлаўшчыну прадставяць раённыя пераможцы – сям’я Войткаў з гарадскога пасёлка Казлоўшчына.

Іна і Аляксандр – шматдзетныя бацькі. Сын Уладзіслаў захапляецца футболам, дачка Паліна з’яўляецца піянерам-лідарам ГА “БРПА”, малодшы сын Іван яшчэ ходзіць у дзіцячы сад. Сям’я вядзе здаровы лад жыцця, любіць сумесныя паходы і загарадныя прагулкі.

Да паездкі засталіся лічаныя дні, рэпетыцыі ідуць у актыўным рэжыме.

Чаго чакаюць ад паездкі ў Гродна шматдзетныя бацькі і тыя, хто ім дапамагае падрыхтавацца да выступлення на абласной сцэне?

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Сям’я Войткаў прываблівае добразычлівасцю, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, тым, што ахвотна ўключаецца ў любыя карысныя справы. Яны літаральна зараджаны пазітыўнай энергетыкай і дзеляцца ёю з навакольнымі. Радуе, што тон у сямейных узаемаадносінах задае тата, на працягу конкурсу ён падтрымлівае і падбадзёрвае маму і дзяцей.

У выступленні сям’і зроблены акцэнт на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, што асабліва актуальна ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэма адсочваецца ў сямейным праекце Войткаў, які яны прадставяць на абласным этапе. Наогул, задумка – паказаць, наколькі цесна звязаны выхаванне дзяцей ва ўстанове адукацыі і ў сям’і, чаму важна, каб яны дапаўнялі адзін аднаго. У Іны і Аляксандра Войткаў дзеці гадуюцца ў спрыяльнай атмасферы, паміж членамі сям’і пануюць цёплыя ўзаемаадносіны, непаўналетнія растуць патрыётамі сваёй краіны. Дарослыя ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх, гэтаму вучаць сваіх дзяцей.

Безумоўна, на абласным этапе Войткаў чакае вельмі сур’ёзная канкурэнцыя. Падрыхтавацца да яе Дзятлаўшчыне дапамагае ранейшы вопыт удзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу, дзе годам раней другое месца заняла сям’я Міклашаў. Сёлетнім удзельнікам мы таксама шчыра жадаем толькі поспеху, задавальнення і пазітыўных эмоцый ад конкурсу. Незалежна ад таго, якім будзе вынік, сям’я атрымае карысны вопыт, а ён у жыцці даволі важны.

Сям’я Войткаў:

– Прыняць удзел у конкурсе нам прапанаваў дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Уладзіміравіч Данільчык, паколькі мама Іна Аляксандраўна працуе педагогам-арганізатарам і наша сям’я прымае актыўны ўдзел у школьным праекце “Шматвектарнасць выхавання грамадзяніна і патрыёта”, а такі вопыт варта папулярызаваць. Доўга сумняваліся, аднак раённы этап пройдзены паспяхова. На абласной сцэне таксама раскажам пра свой радавод, і праз гэты аповед раскрыем чатыры вектары праекта: “Сям’я і Радзіма адзіныя”, “Стварэнне для Радзімы”, Разам = больш”, “Памятаць і вывучаць = ведаць”.

Безумоўна, напярэдадні паездкі ў Гродна хвалюемся, бо хочацца дастойна прадставіць сям’ю і свой раён, заняць адно з прызавых месцаў. Работа кіпіць: рэпетыцыі, сувеніры, касцюмы, асаблівую ўвагу надаём арганізацыі выставы, дзе будзе прадстаўлены герб сям’і і карыснае захапленне – вязанне. На ўсіх этапах падрыхтоўкі нас вельмі падтрымлівае педагагічны калектыў, асабліва намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Іванаўна Хілімончык.

Удзел у падобных конкурсах мае вялікае значэнне, паколькі даводзіцца выходзіць з зоны камфорту, паднімацца на прыступку вышэй, вучыцца новаму. Для дзяцей конкурс таксама стаў цудоўнай магчымасцю павысіць свой узровень. Лічым, што трапіць на абласную сцэну ўжо дасягненне, ганарымся, што можам гэта зрабіць.

Галіна Хілімончык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Вядома ж, чакаем станоўчых вынікаў ад абласнога этапу ў Гродне, паколькі не хочацца “панізіць планку” пасля рэспубліканскай “сярэбранай” перамогі Міклашаў у фінале V Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022”.

Галоўнай ідэяй выступлення Войткаў з’яўляецца менавіта патрыятычнае выхаванне, якому ў наш час надаецца асаблівае значэнне, таму спадзяёмся быць “у трэндзе”. Безумоўна, перажываем, бо малодшаму сыну Войткаў Ванюшу ўсяго тры гадкі, складана прадказаць, як хлопчык будзе трымацца на абласной сцэне, аднак верым, што ён справіцца.

Усім калектывам шчыра жадаем Войткам поспехаў, каб дастойна прадставілі Дзятлаўшчыну на абласным этапе і вярнуліся дадому з прызавым месцам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga