Удзельнікі спартыўнай конкурснай пляцоўкі “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” падзяліліся сваімі эмоцыямі ад свята.
Руслан Фурса (Навагрудак):
– Мы – вашы суседзі з горада Навагрудка, побач са мной жонка Настасся і сын Дзяніс. Вельмі рады ўдзельнічаць у сённяшнім мерапрыемстве. Мы – фізкультурная сям’я: у мінулым сам я займаўся спортам прафесійна, быў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па кікбоксінгу, цяпер далучаем да спорту малодшае пакаленне. Старэйшая дачка Мілана займаецца валейболам, сын займаецца грэка-рымскай барацьбой, ездзіць на спаборніцтвы, а мама ў нашай сям’і – метадыст.
– Ці спадабалася вам у Дзятлаве?
– Горад прыгожы, утульны, кампактны, асабліва спадабаўся цэнтр, у якім сёння ўсё было па-святочнаму. Свята арганізавана на найвышэйшым узроўні: увагай не абышлі ніводную сям’ю, гэта вельмі прыемна. Мы таксама атрымалі падарункі і каравай. Усім удзельнікам нашай пляцоўкі і фестывалю жадаю выніковых выступленняў і добрага настрою.
Вольга Шкода:
– На свяце мы разам з мужам Андрэем і дачушкай Ганнай. Наша пяцікласнiца займаецца гандболам, а мы самі падтрымліваем здаровы, актыўны лад жыцця. Стараемся часцей удзельнічаць у цікавых спаборніцтвах, вельмі рады былі запрашэнню ў Дзятлава на “Зецельскі фэст”. Раней былі праездам у гэтым прыгожым горадзе, але затрымлівацца не даводзілася. Рады знаёмству! Настрой выдатны, атрымалі асалоду ад мерапрыемства.
Ірына Санюк:
– Наша сям’я актыўная, спартыўная, ініцыятыўная, на “Зецельскім фэсце” прадстаўляем Гезгалаўскую сярэднюю школу. Удзельнічаем у свяце другі год, сёлета ў большым саставе: у нашай сям’і з’явілася дачушка Мія. Старэйшы сын Мікіта займаецца хакеем і футболам, выступае за зборную раёна, дачка Нэлі – лёгкай атлетыкай і біятлонам, малодшыя падрастаюць, у іх усё наперадзе. Настрой бадзёры і пазітыўны, бо заўжды падтрымліваем адзін аднаго. Вельмі рады, што сёння ў нас столькі сем’яў з розных гарадоў, столькі пазітыўных эмоцый і шчырых усмешак. Спадзяёмся, гасцям спадабалася на Дзятлаўшчыне. Жадаем усім прывезці з “Зецельскага фэсту” толькі самыя найлепшыя эмоцыі i ўспаміны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga