Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Часовае павінна стаць пастаянным

Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх было прынята рашэнне аб прызнанні трох непаўналетніх з адной сям’і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны шасцёра дзяцей з трох сем’яў. За ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння быў папярэджаны адзін падлетак, яму прызначана  індывідуальная прафілактычная работа. Размова аб магчымых наступствах праведзена з навучэнкай, якая без уважлівых прычын прапускала заняткі ў школе.

“Гарачая” тэма

Дзіця з гэтай сям’і раней ужо прызнавалі ў сацыяльна ненадзейным становішчы і маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Хлопчыка вярнулі бацькам, бо дарослыя памянялі свае паводзіны да лепшага. На жаль, гэта было часова. Спецыялісты службаў прафілактыкі пры новых наведваннях выявілі яўныя прыкметы сацыяльнага недабрабыту. Па-першае, дома быў дэмантаваны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пры гэтым у пакоях яўна адчуваўся пах цыгарэтнага дыму. Другім абуральным фактам былі схаваныя ў кухоннай шафе пустыя бутэлькі з-пад спіртных напояў. Зразумела, што гэта шкляная “калекцыя” з’явілася там невыпадкова. Варта таксама адзначыць, што маці дзіцяці знаходзіцца на ўліку ў доктара-нарколага, а бацька раней праходзіў лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Факты гэтыя яўна пацвярджаюць аднаўленне бытавога п’янства дарослых. Ёсць у сям’і і запазычанасць за камунальныя паслугі, частку якой да пасяджэння каардынацыйнага савета жанчына паспела аплаціць. Яшчэ адзін сур’ёзны крытэрый рызыкі тое, што яна цяжарная і ў хуткім часе пойдзе ў дэкрэт, з’явіцца больш вольнага часу, які, як сведчыць практыка, маці выкарыстоўвае на маргінальныя паводзіны, а не на дзяцей. Як вынік, непаўналетняга ў чарговы раз прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Каментарый спецыяліста

Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

– Забеспячэнне бяспечных умоваў жыцця дзяцей – прыярытэтнае патрабаванне Дэкрэта № 18. З гэтай мэтай каардынацыйным саветам вызначаны прафілактычныя мерапрыемствы, абавязковыя для выканання абодвума бацькамі, а таксама дзяржорганамі, дзяржаўнымі і іншымі арганізацыямі, задзейнічанымі ў рабоце з сям’ёй. Распрацавана і зацверджана цыклаграма, згодна з якой сям’ю для кантролю будуць наведваць па месцы жыхарства, правяраць умовы пражывання і выхавання дзяцей, лад жыцця бацькоў, іх імкненне ўхіліць прычыны сямейнага недабрабыту, а таксама падрыхтоўку неабходных умоваў для будучага немаўляці. Разам з тым, медыкі ацэняць, як жанчына выконвае іх рэкамендацыі ў час цяжарнасці. Пры выяўленні фактаў ужывання спіртных напояў, невыканання ёю медыцынскіх прадпісанняў у час цяжарнасці і ў адносінах да нованароджанага, можа быць разгледжана пытанне аб адабранні дзяцей з сям’і і прызнанні маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Штоквартальна з удзелам бацькоў інфармацыя суб’ектаў прафілактыкі па рабоце з сям’ёй будзе разглядацца на пасяджэннях каардынацыйнага савета райвыканкама, дзе дарослым таксама давядзецца расказваць, што яны са свайго боку робяць, каб вырашыць праблемы, якія выклікалі сацыяльны недабрабыт у іх сям’і.

Пры пагаршэнні сітуацыі суб’екты прафілактыкі адразу праінфармуюць пра гэта каардынацыйны савет, у выніку чаго можа быць прынята рашэнне аб адабранні дзяцей без уліку квартальнага тэрміну.

З кантролю сям’я можа быць знята толькі ў тым выпадку, калі ў ёй адзначаюцца стабільныя станоўчыя змяненні, якія спрыяльна ўплываюць на жыццё, здароўе і развіццё дзяцей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga