Рацыён будзе сытным і вітамінным

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Не толькі аператыўна скасіць травы, але і якасна захаваць – такая першачарговая задача стаіць перад сельгаспрадпрыемствамі Дзятлаўшчыны і ўсёй краіны.

У ААТ “Граніт-Агра” для гэтага падрыхтавалі сянажныя ямы, цяпер ідзе іх закладка. МАЗы гаспадаркі дастаўляюць з поля вяленую люцэрну. Каб кармы добра захоўваліся да моманту выкарыстання, іх вяляць на полі да вільготнасці 50-55 %. Для гэтага скошаныя травы трэба падабраць на працягу сутак. Кантроль вільготнасці спецыялісты гаспадаркі прадаўжаюць у працэсе закладвання сенажу.

– Актыўна выкарыстоўваем на корм жывёле люцэрну, з года ў год гэта культура добра паказвае сябе, – расказвае галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык. –  Сёлета ў гаспадарцы 1007 гектараў культуры, у далейшым плануем павялічваць плошчы пад яе. Люцэрна з’яўляецца высокапрадукцыйнай культурай, з яе можна атрымаць ад 3 да 5 укосаў за сезон. Таксама гэта высокапратэінавая культура, якая стымулюе жвачку, яна багата вітамінамі і мікраэлементамі, што станоўча ўплывае на здароўе каровы і яе прадукцыйнасць. Да таго ж, навукоўцы адзначаюць, што люцэрна не толькі карысная, але і вельмі смачная для кароў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga