Нам даверана памяць. Круцілавіцкай сярэдняй школе ўрачыста перададзены вымпел

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сваё пачэснае “падарожжа” па ўстановах раёна прадаўжае вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, якім у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па ўказе Прэзідэнта ў ліку яшчэ 8 населеных пунктаў рэспублікі адзначаны горад Дзятлава.

Нагадаем, што гэты пачэсны знак на рэспубліканскай урачыстасці быў уручаны старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэю Садоўскаму, першымі 9 мая каля абеліска Славы ў райцэнтры яго прынялі прадстаўнікі Новаяльнянскай сярэдняй школы, дзе ён і знаходзіўся да гэтага часу.

22 мая на ўрачыстай лінейцы дэлегацыя новаяльнянцаў на чале з дэлегатам сёмага Усебеларускага народнага сходу ад Дзятлаўскага раёна, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Таццянай Умоўскай і старшынёй Новаяльнянскага сельвыканкама Людмілай Радзевіч перадала вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” Круцілавіцкай сярэдняй школе.

Тут ён будзе знаходзіцца некалькі дзён, а затым урачыста адправіцца ў аграгарадок Дварэц.

– Для нашай школы вялікі гонар прыняць вымпел, бо мы ведаем, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўскі раён унёс вялікі ўклад у Перамогу, за яе ваявалі і нашы землякі, – адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Круцілавіцкай сярэдняй школы Наталля Верамейка. – Яго размесцім у фае каля дзяржаўнай сімволікі, каб усе наведвальнікі ўстановы, вучні і іх бацькі ведалі, што наш раён атрымаў такую заслужаную ўзнагароду. Будзем праводзіць і ўрокі мужнасці, каб дзеці больш даведаліся аб трагічных падзеях ваеннага ліхалецця, захоўвалі памяць і перадавалі яе з пакалення ў пакаленне.

У нашым школьным музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымалі ўдзел ў конкурсе і рыхтавалі тэматычную дыяраму. Музейныя матэрыялы пастаянна папаўняюцца, вядзецца іх збор. Акрамя таго, да юбілейнай даты ў рамках праекта “Школьны двор маёй мары” мы рыхтуем кветкавую кампазіцыю ў форме салюта.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: