У працоўных калектывах Дзятлаўшчыны прадаўжаюцца сустрэчы з работнікамі пракуратуры па інфармаванні аб расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе.
На гэты раз пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова выступілі перад калектывам раённага вузла паштовай сувязі.
– У гады ваеннага ліхалецця Беларусь падвяргалася ўсім формам генацыду, – адзначыў Віталій Станіслававіч. – У час акупацыі беларускіх тэрыторый германскае камандаванне ўзводзіла зверствы ў адносінах да мірных жыхароў у ранг дзяржаўнай палітыкі. Масавае знішчэнне насельніцтва было пастаўлена на паток, ствараліся сотні месцаў прымусовага ўтрымання людзей, вядомых як “лагеры смерці”, цэлыя вёскі спальваліся з жыхарамі ў час так званых “уціхамірвальных акцый”.
Пракурор падкрэсліў, што і ў наш час выяўляюцца ўсё новыя факты, звязаныя са знішчэннем мірнага насельніцтва, у тым ліку на Дзятлаўшчыне. За час работы следчай групы ў нашым раёне дапрошаны 136 сведкаў, агледжана больш за 150 месцаў расстрэлаў, прымусовага ўтрымання і спальвання мірнага насельніцтва. Следства прадаўжаецца, у верасні-кастрычніку 2024 года запланаваны палявыя пошукавыя работы з раскопкамі на тэрыторыі гарадскога пасёлка Казлоўшчына.
У нашы дні ў рамках дзейнасці, створанай з ініцыятывы Генпракуратуры міжведамаснай камісіі па ўвекавечанні памяці ахвяраў генацыду беларускага народа, ажыццяўляецца добраўпарадкаванне месцаў пахавання і перапахавання знойдзеных у час расследавання астанкаў з прысваеннем спецыяльнага прававога абарончага статуса.
Пад рэдакцыяй Генпракуратуры надрукаваны зборнік інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў “Генацыд беларускага народа”, а па выніках расследавання крымінальнай справы з’явілася выданне “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”. Ва ўзаемадзеянні з нацыянальным кадастравым агенцтвам на публічнай кадастравай карце ў інтэрнэце створаны прасторавыя слаі “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці”. На афіцыйным сайце Генпракуратуры ў агульным доступе размешчана актуальная інфармацыя аб ходзе расследавання, якая рэгулярна папаўняецца.
У маі 2021 года з ініцыятывы Генпракуратуры прыняты Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”, у студзені 2022-га – Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”, якія сталі своеасаблівым прававым бар’ерам на шляху спробаў фальсіфікацыі гістарычнай праўды і памяці, што нам даверана.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga