Уражанні ад першага дня навагодніх урачыстасцяў

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

З уключэннем ёлачных ілюмінацый на Дзятлаўшчыне стартаваў крэатыў-праект “Кіламетр серпанціна, два вагоны канфеці”.

Сваімі ўражаннямі ад першага дня навагодніх урачыстасцяў падзяліліся жыхары і госці Дзятлава.

Марына Паўлючык:

— Настрой цудоўны, святочны, нягледзячы на тое, што надвор’е крыху падвяло. Уразіла шэсце Дзядоў Марозаў, Снягурачак і казачных герояў. Вялікім дапаўненнем стала суправаджэнне духавога аркестра. Ідучы ў калоне мы нават падпявалі пад музыку, бо навагоднія мелодыі былі знаёмыя, з нашага дзяцінства. Праграма пераднавагодніх святаў абяцае быць насычанай і разнастайнай, таму пастараюся наведаць як мага больш мерапрыемстваў.

Снягурачка:

— Спадабалася прадстаўленне каля ёлкі. Многа казачных герояў, усе вясёлыя, шумныя. Навагодняя красуня-ёлка кожны год радуе сваім убранствам: прыгожыя шары, сняжынкі, гірлянды. І хоць на вуліцы дождж, але дзецям усё роўна весела. Яны спяваюць, бегаюць вакол ёлкі. З нецярпеннем чакала 17 гадзін 30 хвілін, таго часу, калі ёлка зазіхаціць рознакаляровымі агнямі. Вельмі добрая задумка ў гэтым годзе, каб ёлкі запаліць у адзін час па ўсёй Гродзенскай вобласці.

Сімвал 2019 года:

— Святочны настрой адчуваю з пачатку снежня, калі паступова ўключаліся навагоднія агні ва ўпрыгожаных школах, магазінах, прадпрыемствах. З сённяшняга дня адчуванне пераднавагодніх святаў яшчэ большае: зазіхацела ёлка, і ўключылі ўсю ілюмінацыю на плошчы, вакол гучыць музыка. Цікавым момантам на святочным мерапрыемстве для мяне стаў сучасны Дзед Мароз, які націснуў на імправізаваную кнопку, і ёлка зазіхацела. Значыць, сапраўдныя святочныя гулянні ўжо пачаліся.

Віялета Юшкевіч:

— Мне спадабаліся роставыя лялькі. Я нават разам з імі сфатаграфавалася. Дзяды Марозы вельмі вясёлыя. Ёлка ўжо зазіхацела агнямі, таму я з сябрамі буду прыходзіць на плошчу і рабіць каля яе сэлфі. Добра тое, што заўтра і ў кожныя наступныя выхадныя мы зможам сюды наведвацца, каб паглядзець і паўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах.

Таццяна ГРЫЦУК