На сяле “ўладараць” творчыя, умелыя, спартыўныя

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

31 мая на Дзятлаўшчыне прайшоў раённы этап штогадовага сямейнага сельскагаспадарчага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Уладар сяла-2024”.

Іспыты для лепшых сельскіх сем’яў раёна ладзіліся ў аграгарадку Круцілавічы.

Праявіць свае творчыя здольнасці і паказаць спрыт, з якім па-гаспадарску ўмеюць спраўляцца з вясковымі справамі, сабраліся чатыры маладыя сямейныя каманды: Літвінскіх, якія прадстаўлялі ААТ “Граніт-Агра”, Юркевічаў – Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, Маркевічаў – сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава, Ляхаў – Новаяльнянскую сярэднюю школу. Падтрымаць удзельнікаў праекта прыехалі родныя, сябры, калегі, госці свята.

Прысутным нагадалі, што конкурс “Уладар сяла” скіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчых прафесій, захаванне сямейных традыцый, замацаванне моладзі ў беларускіх вёсках і аграгарадках. Яго арганізатарамі на Дзятлаўшчыне з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённыя камітэты ГА “БРСМ” і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

– Калі не будзе сяла, не будзе і горада, – павітаў канкурсантаў і гасцей старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч. – Радуе, што на гэтай пляцоўцы спаборнічаюць маладыя сем’і, якія сваёй дзейнасцю прадаўжаюць традыцыі продкаў, працуюць на зямлі, валодаюць сельскагаспадарчымі промысламі і вучаць гэтаму дзяцей. Развіццё вёскі вельмі важнае для Беларусі, таму і гэты конкурс заслугоўвае ўвагі. Жадаю выступіць дастойна, а хто пераможа – годна прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе праекта.

– Віншуем вас, паважаныя сем’і, што сёння вы яшчэ больш згуртуецеся, станеце адной камандай, будзеце разам імкнуцца да перамогі, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Моладзь шануе традыцыі беларускай вёскі і будзе іх прадаўжаць. Няхай пераможа мацнейшы, няхай пераможа сяброўства.

Па добрай традыцыі спартыўнае сельскае свята пачалося са знаёмства і конкурсу візітовак. У вершах і песнях каманды расказалі пра сябе, сямейныя традыцыі і захапленні. Літвінскія зазначылі, што ў іх сям’і пануюць сяброўскія ўзаемаадносіны і за справы яны заўжды бяруцца разам. Маркевічы назвалі сябе “турыстычнай сям’ёй” і пералічылі, якія маршруты ім ужо пакарыліся. Юркевічы расказалі, што любяць “ціхае паляванне” і агарод. Ляхі агучылі сямейны дэвіз: “Твары дабро, дары любоў”, патлумачылі, як яго рэалізуюць у жыцці.

Аднак цікава пра сябе расказаць – яшчэ паўсправы. Калі ты вясковы жыхар, то проста абавязаны ўмець хутка і ўмела спраўляцца з характэрнымі бытавымі заданнямі: нарыхтаваць дроваў, нанасіць вады, змайстраваць карысныя рэчы для дома, назапасіць садавіну на зіму, а таму выпрабаванні “Дрывасек”, “Сельская спартыўная эстафета”, “Майстар”, “Яблыкі” паказалі, наколькі сем’і хутка і зладжана спраўляюцца з падобнымі заданнямі.

Сваімі песнямі, жартамі і музычнымі падарункамі ўдзельнікаў сельскага свята падтрымлівалі работнікі Данілавіцкага дома культуры Святлана Грос і Іна Анушкевіч.

Нарэшце прыспеў час даведацца пра вынікі раённых спаборніцтваў. Абсалютным пераможцам і ўладальнікам тытула “Уладар сяла” стала сям’я гаспадароў пляцоўкі – гранітаўцаў Вольгі і Яўгена Літвінскіх, якая адзначана галоўным прызам, дыпломам І ступені, сертыфікатам на суму 200 рублёў ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які ўручыў старшыня аб’яднання Уладзімір Казак. На другой ступені п’едэстала аказалася сям’я Маркевічаў. Пачэснае трэцяе месца заваявалі Юркевічы. Сертыфікатам за ўдзел адзначана сям’я Ляхаў. Сем’і атрымалі падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”, арганізацый, якія яны прадстаўлялі, і прадпрыемства-гаспадара пляцоўкі ААТ “Граніт-Агра”.

Абласны этап моладзевага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” пройдзе ўжо ў канцы чэрвеня. Мяркуецца, што Дзятлаўшчыну на ім прадставяць Літвінскія.

Сям’я Вольгі і Яўгена Літвінскіх:

– Уражанні самыя станоўчыя. Шчыра кажучы, стаць лідарамі раённага этапу не спадзяваліся, максімум разлічвалі на прызавое другое месца. Самым цяжкім іспытам для таты быў конкурс “Майстар”, бо вельмі складана за кароткі час пры дапамозе адной толькі сякеры зрабіць дошку для рэзкі, зручную і акуратную. Маме, здаецца, усё было па плячы, калі і перажывала, то толькі за выступленне сына Максіма. Ён яшчэ маленькі. Сапернікам па гульні хочам адрасаваць вялікі дзякуй: прыемна было паспаборнічаць. Наогул, тым, хто яшчэ ні разу не ўдзельнічаў у праекце “Уладар сяла”, раім абавязкова трапіць на яго. Гэта мора эмоцый, пазітыву, вельмі весела! Усім шчасця, здароўя, поспехаў.

 Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga