Мэбля, халадзільнікі і плітка пад 4%. Што жыхары Гродзенскай вобласці купляюць у крэдыт “На родныя тавары”

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Падтрымліваючы ініцыятыву Урада Беларусі па стымуляванні рознічнага гандлю таварамі айчынных вытворцаў, з 4 студзеня Беларусбанк запусціў новы льготны крэдыт на спажывецкія патрэбы  “На родныя тавары”, які выдаецца пад фіксаваныя 4 % на тры гады.

Пра тое,  што купляюць за крэдытныя грошы жыхары рэгіёна і як аформіць дагавор крэдытавання, расказаў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” у горадзе Дзятлаве Аляксей Юхневіч.

Аляксей Эдмундавіч, наколькі запатрабаваным стаў крэдыт “На родныя тавары” ў жыхароў Гродзеншчыны?

– За гэты час жыхары Гродзенскай вобласці ўжо ўзялі крэдытаў на суму 11,5 мільёна рублёў і заключылі больш за 2700 крэдытных дагавораў.

Часцей за ўсё бяруць у крэдыт мэблю: аформлена 46 % дагавораў ад агульнай колькасці. На другім месцы халадзільнікі і маразільнікі – 10% , на трэцім – керамічная плітка (9 %). Таксама часта набываюць санітарна-тэхнічнае абсталяванне, пральныя машыны, газавыя і электрычныя пліты, тэлевізары, веласіпеды і мапеды, мотаблокі, матацыклы, мікрахвалевыя печы.

Акрамя названых вамі тавараў і пераваг кліентаў банка, што яшчэ можна ўзяць у крэдыт “На родныя тавары?

– Галоўная ўмова – ён выдаецца толькі на беларускія тавары. Поўны пералік зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб спажывецкім крэдытаванні”.

Сярод вытворцаў папулярных тавараў – МВЗ, “Віцязь”, “Гарызонт”, МТЗ,  “Атлант”, “Амкадор-Белвар”, Брэстгазаапарат, Бярозабудматэрыялы,  “Керамін”, “Белюкс ЛТД” і іншыя.

У спіс нядаўна дадаліся катлы і абагравальнікі. Раней пералік дапоўніўся такімі пазіцыямі, як камплекты драўляных вырабаў для будаўніцтва драўляных дамоў, зборныя драўляныя збудаванні і вырабы. Іх вытворцамі з’яўляюцца многія лясгасы краіны. Таксама ў спіс уключаны розныя віды дробнай бытавой тэхнікі, садовая мэбля, дываны і іншае.

Патлумачце, калі ласка, як аформіць дагавор крэдытавання?

– Крэдыт  “На родныя тавары” выдае Беларусбанк пад 4 % тэрмінам да трох гадоў. Стаўка не мяняецца на працягу ўсяго часу крэдытавання. Ёсць магчымасць датэрміновага пагашэння – тады працэнты налічаць толькі за фактычны перыяд карыстання. Пры афармленні спытаюць пра зарплату, узрост і наяўнасць іншых пазык і растэрміновак, каб разлічыць максімальна магчымую для вас суму.

Асаблівасць крэдыту ў тым, што ён не выдаецца на рукі кліенту, а пералічваецца на рахункі прадаўцоў айчынных тавараў. Напрыклад, вы хочаце купіць халадзільнік  беларускага вытворцы “Атлант”. Выбіраеце мадэль у магазіне, складаеце з прадаўцом дагавор, там жа вам дадуць рахунак-фактуру. З дакументамі накіроўваецеся ў аддзяленне банка і пакідаеце заяўку на крэдыт (падаць заяўку можна ў інтэрнэт-банкінгу, М-банкінгу, на сайце belarusbank.by). Банк разгледзіць заяўку і, калі ўсё ў парадку, пералічыць указаную ў рахунку-фактуры суму прадаўцу.

Дарэчы, набыць можна адразу некалькі тавараў айчынных вытворцаў. Тады ў банк трэба падаць усе рахункі-фактуры.

І купляйце беларускае!

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga