Мары збываюцца

Важнае Грамадства

Скончыўся сёмы сезон інтэлектуальнай гульні “Я ведаю!”.

Гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які закліканы знайсці не толькі самых дасведчаных, але і камунікабельных, знаходлівых і пазітыўных навучэнцаў з усёй краіны.

Прыемна ўсведамляць, што вучні з нашай невялікай раённай школы могуць годна сапернічаць з навучэнцамі з іншых школ і гімназій рэспублікі.

Шлях да поспеху Аляксандры Барабан, навучэнкі Гезгалаўскай сярэдняй школы, пачаўся ў 2020 годзе, калі яна ўпершыню прыняла ўдзел у адборачным туры інтэлектуальнай гульні “Я ведаю!”. 2024 год стаў для Аляксандры знакавым: яе мара нарэшце збылася.

Выпускніца з Гезгал аказалася ў чацвёрцы лепшых адзінаццацікласнікаў суперфінальнай гульні. Трапіць у суперфінал ёй дапамагло паспяховае выступленне ў фінальнай гульні праекта, дзе Аляксандра заняла 2-е месца.

Саша – паспяховая вучаніца з рознабаковымі інтарэсамі: музыка, чытанне кніг, інтэлектуальныя гульні. З’яўляецца пераможцай абласной алімпіяды па фінансавай граматнасці, неаднаразовы прызёр раённых алімпіяд па рускай і беларускай мовах, удзельніца шматлікіх конкурсаў рознай накіраванасці.

Удзельнікам гульні давялося адказваць на самыя нечаканыя пытанні вядучага. І проста быць выдатнікам тут недастаткова – трэба паспець своечасова націснуць на кнопку, быць начытаным і эрудыраваным. Аляксандра спалучае ў сабе ўсе гэтыя якасці і запомнілася здымачнай групе ўпэўненымі адказамі і сваёй дыпламатычнасцю.

Таццяна ШЫКУЦЬ,
класны кіраўнік 11 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: