Шэсць абласных сертыфікатаў у педагогаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны

Важнае Грамадства

Шэсць спецыялістаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны на чале з куратарам сферы метадыстам раённага метадычнага кабінета Кацярынай Гайдук прынялі ўдзел у абласным метадычным форуме.

Яны прадставілі свой вопыт работы па розных кірунках навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту шырокаму колу педагогаў Гродзеншчыны. Асаблівая ўвага была нададзена пытанням узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў праз праектную дзейнасць. На тэматычным выставачным павільёне “Чалавек працай слаўны” ўдзельнікі форуму прадэманстравалі практычнае выкарыстанне прадстаўленых напрацовак. Сярод экспанатаў былі цацкі, гульнявыя і дыдактычныя дапаможнікі, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Лепшым вопытам дзяліліся педкалектывы Гезгалаўскага, Новаяльнянскага, Казлоўшчынскага, дзіцячых садоў № 1 і № 2 горада Дзятлава. Дзякуючы выставе скарбонка дасягненняў педагагогаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны папоўнілася шасцю новымі сертыфікатамі абласнога ўзроўню.

Прыемным момантам форуму стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу метадычных распрацовак “Працоўнае і прафесійнае выхаванне”. У ліку іх у намінацыі “Старт у прафесію” была і малады спецыяліст Дзятлаўшчыны – выхавальніца дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава Вольга Грыцук. Яе метадычная распрацоўка “Агародныя прыгоды” па арганізацыі працоўнай дзейнасці выхаванцаў у час прагулкі ўдастоена дыплома ІІІ ступені.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў форуму

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga