Іна Нічыпаровіч: “Дапамагаць дзецям і развівацца прафесійна”

Важнае Грамадства

З лютага па май у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі праходзіў конкурс на лепшую арганізацыю дзейнасці сацыяльных педагогаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Прынёмання.

У сакавіку-красавіку адбыліся раённыя этапы.

На Дзятлаўшчыне за званне лепшага спаборнічалі шэсць сацыяльных педагогаў установаў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Канкурсанты падрыхтавалі абагулены вопыт работы, аўтарскія распрацоўкі мерапрыемства, відэаролікі па арганізацыі свайго працоўнага месца. Дыплом І ступені заваявала сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Іна Нічыпаровіч.

Менавіта Іна Валянцінаўна сярод яшчэ 17 пераможцаў з розных раёнаў Прынёмання і прадставіла Дзятлаўшчыну ў фінале, які адбыўся ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Канкурсантам давялося прайсці тэсціраванне, у час якога яны прадэманстравалі свае ўменні абараняць правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама творча расказалі аб прафесійнай дзейнасці. Ганарова, што трэці вынік і “бронзавая” абласная перамога дасталіся нашай зямлячцы.

– Сацыяльным педагогам у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава працую з кастрычніка 2012 года, – падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства Іна Нічыпаровіч. – У 2014 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з кваліфікацыяй “спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Псіхолаг”. Для сябе разумела, што гэтага недастаткова, і ў 2020-ым атрымала яшчэ і дыплом аб перападрыхтоўцы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па кваліфікацыі “педагог сацыяльны”. На сёння маю I кваліфікацыйную катэгорыю. Конкурс даў мне магчымасць паказаць назапашаны прафесійны вопыт на раённым і абласным узроўнях, дапамог яшчэ больш удасканаліць веды. Мая асноўная прафесійная задача – дапамога дзецям і іх сем’ям у пераадоленні самых розных праблем, што патрабуе пастаяннага развіцця, пошуку новых вырашэннў. Працую з дзецьмі, якія маюць асаблівую патрэбу ў падтрымцы і ўвазе, дапамагаю ім адаптавацца да новых умоваў, пераадольваць цяжкасці.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga