Ілюмінацыя як у сталіцы

Важнае Грамадства

Каб прыўзняты настрой майскіх святаў захаваўся надоўга, паклапацілася Дзятлаўскае РУП ЖКГ, зрабіўшы дзятлаўчанам выдатны яркі падарунак.

Цяпер у цёмны час сутак на вуліцах райцэнтра можна ўбачыць  светадыёдныя панэлі з выявай Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, побач з алеяй Маці на вуліцы Навагрудскай “пасяліўся” сімвал нашай краіны з жывёльнага свету – волат-зубр, размешчаны на фоне карты Беларусі ў абрамленні колераў Дзяржаўнага сцяга. Вялікае светлавое пано выклікае цікавасць не толькі ў саміх дзятлаўчан і гасцей горада, але і ўсіх, хто праязджае міма па трасе.

Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк расказаў аб ідэі ўпрыгожыць горад:

– У час падрыхтоўкі да святаў мы займаліся стварэннем не толькі кветнікаў, але і набылі некалькі кансоляў з падсветкай у выглядзе Дзяржаўнага сцяга, на ўездзе ў горад паставілі канструкцыю з выявай зубра, якая абышлася каля 2400 рублёў. Набывалі ўсё ў беларускай прыватнай арганізацыі, якая спецыялізуецца на вырабе святочнай ілюмінацыі. Мантаж канструкцый ажыццяўлялі брыгады электрыкаў і будаўнікоў нашага прадпрыемства.

Васіль Васільевіч анансаваў і іншыя навінкі, якія ў хуткім часе з’явяцца ў горадзе. З найбліжэйшых – лаўка ў стылі лофт з падсветкай каля возера ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga