ГрадусПлюс. Далёка глядзім, а пад носам не бачым

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Гэта прыказка Уладзіміра Даля і сёння не губляе сваёй актуальнасці.

Практычна ўся ўвага сельскай гаспадаркі раёна сканцэнтравана на будучым ураджаі 2024 года: у полі работа кіпіць, усё выконваецца згодна з графікам і тэхналогіяй. Аднак, калі “тылы” не прыкрыты, у выніку можна больш страціць, чым зарабіць.

Безгаспадарлівасць у чыстым выглядзе – пацвердзіў адзін з нядаўніх планавых рэйдаў, які правялі супрацоўнікі АУС райвыканкама па тэрыторыях сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

У некаторых прадпрыемствах лом чорных металаў захоўваўся па-за спецыяльна адведзенай пляцоўкай. Або нават на пляцоўцы, але у неразабраным выглядзе: металічныя часткі колаў не аддзелены ад гумовых.

Сярод іншага, у адным з КСУПаў былі выяўлены факты захоўвання дарагой энерганасычанай тэхнікі ў цемры пад адкрытым небам, тэрыторыя мехмайстэрняў асвятлялася толькі пры дапамозе дзвюх невялікіх лямпачак на будынку дыспетчарскай. Больш за пяць адзінак сельгастэхнікі стаялі незачыненымі з ключамі ў замку запальвання, быццам запрашэнне для парушальнікаў закона і свавольнікаў. Не спрыяе бяспечнаму захоўванню тэхнікі і той факт, што на мехдварах некаторых сельгаспрадпрыемстваў цэласнасць агароджы парушана настолькі, што любы можа пранікнуць на іх тэрыторыю.

Сітуацыю каменціруе ўчастковы міліцыянер АУС райвыканкама Руслан Лаўрэнцьеў:

– Рэйды па аб’ектах сельскай гаспадаркі праводзіліся ў межах комплексу мерапрыемстваў у перыяд вясновай пасяўной кампаніі з мэмай папярэдзіць крадзяжы матэрыяльных каштоўнасцяў, праверыць умацаванасць месцаў іх захоўвання і работы службы вартавой аховы. Па выяўленых фактах у адрас кожнага кіраўніка гаспадаркі было падрыхтавана адпаведнае прадстаўленне з пералікам выяўленых недахопаў, якія павінны быць ліквідаваны на працягу месяца. У выпадку, калі неабходныя меры не прымаюцца, кіраўнік прадпрыемства нясе адміністрацыйную адказнасць: спачатку папярэджанне, а затым і штраф да 10 базавых велічыняў. Летам дадзеная работа будзе прадоўжана службай аховы грамадскага парадку і прафілактыкі ў паўсядзённым рэжыме, у час уборачнай кампаніі меры прафілактыкі з боку праваахоўных органаў будуць узмоцнены.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga