ГрадусПлюс. Чыя праўда?

Важнае Грамадства

Усе мы любім братоў нашых меншых, але сапраўднага сабакавода можа зразумець толькі таварыш па захапленні.

Неаднойчы ў чарзе ў магазіне ці банку або проста ў двары даводзілася чуць дыскусіі аб тым, дзе, як і якім чынам у Дзятлаве выгульваць сабак. Такія спрэчкі “абрасталі” лагерамі прыхільнікаў і пагражалі перарасці ў сапраўднае шэкспіраўскае супрацьстаянне, а то і што горшае. Кожны, на яго думку, мае рацыю: адны – за любоў і спагаду да жывёлаў, другія – за парадак і чысціню ў горадзе.

Каб развязаць застарэлы канфлікт, варта звярнуцца да спецыялістаў.

Як адзначае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко,  выгул сабак рэгламентуецца рашэннем райвыканкама, дзе вызначаны не толькі месцы, але і правілы:

–  У дакуменце ўстаноўлены тры дазволеныя месцы для выгулу сабак у горадзе Дзятлаве: вольная ад забудовы тэрыторыя па вуліцы Прытыцкага, абмежаваная шматпавярховай кватэрнай забудовай па вуліцы Навагрудскай, магазінам “Санта-Кэш”, з двух бакоў – зялёным масівам; тэрыторыя па вуліцы Белуша, абмежаваная вытворчай зонай і ручаём; участак па вуліцы Слонімскай, абмежаваны тэрыторыяй Дзятлаўскага РАНС і зямельнымі ўчасткамі з індывідуальнай забудовай па вуліцы Чырвонаармейскай. Таксама ў рашэнні прапісаны правілы, у ліку якіх рэгістрацыя жывёлаў і своечасовая ўплата збору, выгул у вызначаных месцах на павадку ў намысніку, забарона на наведванне з жывёламі гандлёвых пунктаў, грамадскіх будынкаў і шэраг іншых патрабаванняў, з якімі можна азнаёміцца на сайце райвыканкама або ў газеце “Перамога” за мінулы год.

Аднак усе мы ведаем і бачым, што для прагулак сабакаводы на свой страх і рызыку выкарыстоўваюць далёка не толькі тры дазволеныя месцы.

Старшы ўчастковы інспектар міліцыі Віталь Грышук нагадвае аб адказнасці ўладальнікаў сабак перад законам:

– Згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь, выгул сабак у забароненых для гэтага месцах пагражае іх уладальнікам штрафам да 15 базавых велічыняў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga