Урачыста і ярка на Дзятлаўшчыне праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.
Сваімі ўражаннямі ахвотна дзеляцца дзятлаўчане.
Мілана Хілімончык і Паліна Цымбал:
– Мы лічым, што Дзень Перамогі – свята, якое трэба адзначаць заўжды. Дзякуй ваеннаму пакаленню, якое адстаяла для нас мір і свабоду.
Адметна, што сёлета ў нашага горада яшчэ адна важная падзея: Дзятлава ўзнагароджана вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Для нас, яго жыхароў, гэта вельмі прыемна, ганарова і сведчыць аб тым, што горад жыве і развіваецца, працвітае і дастойна нясе памяць аб подзвігах герояў праз дзесяцігоддзі. Мы павінны расказваць пра мінулае новым пакаленням, сваім дзецям, беражліва захоўваць тое, што дасталося ў спадчыну.
Жадаем усім міру, дабра, чыстага яснага неба над галавой, шчасця, поспехаў.
Людміла Раманава:
– Дзень Перамогі – гэта хвалюючае свята і са слязамі на вачах, і з вялікім шчасцем. Цудоўна, што ў нашай краіне яно падтрымліваецца. Перамога павінна святкавацца ярка, маштабна, каб памяталі і не забывалі. Калі мы страчваем сувязь з нашай гісторыяй, з мінулым, то будучыні няма ні ў краіны, ні ў кожнага асобнага чалавека.
Упэўнена, што вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” Дзятлава атрымала заслужана. Нават калі едзеш па дарозе на Хадзяўляны, не задумваешся, колькі людзей там аддалі жыццё, пра гэта трэба гаварыць. У гарадскім парку ёсць помнік Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову. Туды мы прыбягалі яшчэ маленькімі дзецьмі. А як цікава гісторыю гэтых выдатных людзей расказвала экскурсавод Алена Абрамчык. Яны нават не ўраджэнцы Дзятлаўшчыны, а аддалі тут свае жыцці. Усё гэта выпакутавана, і заслужана, што мы маем такую ўзнагароду.
Штогод мы з работнікамі і выхаванцамі школы мастацтваў дорым дзятлаўчанам добры настрой як музыканты і проста людзі. Спадзяюся, землякам гэта прыемна.
Жадаем усім здароўя, міру, радасці, дабрабыту ў сем’ях, усяго толькі добрага і светлага, усмешак, шчасця, перамогі ва ўсіх справах і пачынаннях.
Вольга Васіленка:
– Для мяне Дзень Перамогі – асаблівае свята. Магчыма таму, што мы яшчэ з таго пакалення, якому пачуццё патрыятызму перададзена ад бацькоў. З радасцю далучыліся да калоны, прайшлі мітынгам, каб з дзецьмі аддаць даніну памяці. Мы ганарымся тым, што Дзятлаву дастаўся вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Пачэсна было бачыць старшыню райвыканкама Андрэя Садоўскага на рэспубліканскай урачыстасці з гэтай нагоды.
Сёння раніцай паглядзела па тэлебачанні старую кінастужку, і чарговы раз задумалася, якой страшнай была вайна і якія мы шчаслівыя, што жывём у мірны час. Сын таксама хадзіў на свята з кветкамі. Сёння ўвогуле было шмат людзей. Гучалі цудоўныя песні. Такія святы трэба адзначаць заўжды.
Жадаю ўсім, каб мы жылі пад мірным небам, каб наша моладзь ведала і памятала, якой цаной дасталася Вялікая Перамога, каб цанілі і бераглі мір. У нас прыгожы горад, які мы вельмі любім, і калі кожны будзе ўкладваць у яго развіццё часцінку свайго таленту і працы, Дзятлава будзе прыгажэць і працвітаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ