Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны адбылася сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Данілавіцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў”.
Аб стане спраў расказаў старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч:
– На тэрыторыі сельсавета 39 населеных пунктаў, дзе жывуць 1505 чалавек, функцыянуюць 11 установаў і арганізацый. Гэта ААТ “Граніт-Агра”, ТАА “Агражалезабетон”, Ахонаўскае лясніцтва, Круцілавіцкая сярэдняя школа, Таркачоўскі дзіцячы сад, Данілавіцкі дом культуры, сельская бібліятэка, 4 ФАПы, 3 магазіны аблспажыўтаварыства і адзін прыватны, санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, 3 каталіцкія і 2 праваслаўныя храмы.
Вядзецца мэтанакіраваная сістэмная работа па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Самыя буйныя з іх – аграгарадкі Круцілавічы (438 жыхароў), Таркачы (253), вёска Лапушна (150). У 17 вёсках жывуць менш за 10 чалавек, у Сіневічах – адзін, у Бярозаўцы – ніводнага. Грамадзян працаздольнага ўзросту – 826 чалавек, старэйшых – 496, сярод якіх 57 – адзінокія, 385 – жывуць адзінока, дзяцей да 15 гадоў – 183, шматдзетных сем’яў – 25. У 2023 годзе нарадзілася 5 дзяцей, з пачатку гэтага года – яшчэ адно. Летась памерла 35 чалавек, селета – 11.
Сельвыканкамам вядзецца работа па вырашэнні пытанняў забеспячэння дабрабыту грамадзян, у першую чаргу ўразлівых катэгорый насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета працуюць 4 сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць 19 грамадзян з 8 населеных пунктаў. Згодна з раённымі мерапрыемствамі па аказанні матэрыяльнай дапамогі пажылым адзінокім грамадзянам у 2024 годзе ўстаноўлены СЗУ у домаўладаннях пяці адзінокіх грамадзян, двум аказана матэрыяльная дапамога для іх устаноўкі, яшчэ двум – на набыццё паліва, аднаму на лячэнне.
У саставе Данілавіцкага сельскага Савета 11 дэпутатаў, яго рабочы орган, выканаўчы камітэт – гэта 5 чалавек. На пасяджэннях разглядаюцца пытанні згодна з гадавымі планамі, прымаюцца адпаведныя рашэнні, шмат актуальных тэм разглядаюцца на сходах грамадзян па месцы жыхарства, у працоўных калектывах, пры асабістых сустрэчах і прыёмах. У цэнтры ўвагі – супрацьпажарная бяспека, санітарны стан, захаванасць маёмасці, бяспека жыцця, добраўпарадкаванне і ўборка прыдамавых, грамадскіх тэрыторый, могілкаў, асаблівасці вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. У сельвыканкам за 2023 год паступіла 1 пісьмовы і 26 вусных зваротаў, у 2024 годзе – 8 вусных. Пераважна яны тычыліся жыллёвых пытанняў, землекарыстання, стану дарог, выдалення аб’ектаў расліннага свету.
Значную дапамогу ў рабоце сельвыканкаму аказваюць грамадскія органы тэрытарыяльнага самакіравання і грамадскія фарміраванні. У 39 населеных пунктах працуюць 23 старасты. Яны дапамагаюць у навядзенні парадку, наладжванні кантактаў са спадчыннікамі пустых дамоў, выяўленні падазроных асоб, сямейнага недабрабыту.
Сельвыканкамам вядзецца мэтанакіраваная работа па навядзенні парадку на зямлі: высякаюцца хмызнякі і зараснікі, абкошваецца тэрыторыя агульнага карыстання і ўздоўж вуліц населеных пунктаў. Па заключэнні Дзятлаўскага РУП ЖКГ у 2023 годзе выдалены 26 небяспечных дрэваў, сёлета 3 дрэвы ў вёсцы Стараельня і 3 небяспечныя дрэвы па ініцыятыве і за кошт сродкаў грамадзян у Таркачах.
У 2023 годзе ў суд пададзена 11 заяў аб прызнанні дамоў безгаспадарчымі, ва ўласнасць сельвыканкама па рашэнні суда перададзены 5 такіх аб’ектаў, сёлета – яшчэ 5 і рыхтуюцца дакументы ў суд на 11 дамоў. У 2023 годзе знесены 9 пустуючых дамоў, за перыяд 2024 года – 6, адзін дом знесены сіламі ААТ “Граніт-Агра”. За адну базавую велічыню летась прададзена 5 дамоў, сёлета – 2 і прынята заяўка прэтэндэнта на куплю яшчэ аднаго.
Ажыццяўляецца работа па ўвядзенні зямлі ў севазварот пасля зносу дамоў: сёлета такія тэрыторыі добраўпарадкаваны ў Таркачах, Рабках, часткова ўведзены ў севазварот зямельны ўчастак у Барышына, працягваюцца работы на ўчастку ў Круцілавічах.
За 2023 год накіравана 135 прадпісанняў уласнікам і спадчыннікам незаселеных дамоў аб неабходнасці навядзення парадку, сёлета – 57. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 20 могілак, якія перададзены на баланс Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Па ініцыятыве сельвыканкама сумесна са старастамі населеных пунктаў арганізуюцца суботнікі. Сёлета яны прайшлі на могілках у Круцілавічах, Таркачах, Уланаўшчыне, Лапушна. На асаблівым кантролі сельвыканкама стан дарог і вуліц у населеных пунктах. Восенню 2023 – вясной 2024 гадоў падсыпаны вуліца Зарэчная ў Лапушна, вуліцы ў Касцюках, Данілавічах, грэйдзіравана пад’язная дарога да Хрольчыц, а таксама ўчасткі дарог да могілак у Лапушна, Касцюкі-Лапушна, у вёсках Боцкавічы, Бубны, Яцукі. У зімовы час расчыстка дарог ад снегу ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы ААТ “Граніт-Агра”.
Сельвыканкам прадоўжыць работу па забеспячэнні належных умоваў жыццядзейнасці, выкананні сацыяльных гарантый, падтрыманні бяспекі, добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі.
Удзельнікі сустрэчы пабылі і на аб’ектах добраўпарадкавання, сярод якіх ФАП аграгарадка Круцілавічы, мясцовая царква, адміністрацыйны будынак і трэнажорная зала ААТ “Граніт-Агра”, Круцілавіцкая сярэдняя школа, дзе гасцей пазнаёмілі са спартыўнымі дасягненнямі, экспазіцыямі музея, работай школьнай бізнес-кампаніі па вырошчванні дэкаратыўных раслін. Прыемна было пабачыць сядзібу Анжэлы Анушкевіч, якая захапляецца вырошчваннем дэкаратыўных раслін. На новым малочнатаварным комплексе “Еленка” ўдзельнікі сустрэчы ўпэўніліся, якія спрыяльныя камфортныя ўмовы створаны тут для персаналу, даведаліся, як утрыманне буйной рагатай жывёлы па новых тэхналогіях уплывае на павелічэнне надояў, пачулі аб далейшых планах. Пабылі ў капліцы, якой больш за сто гадоў, на могілках вёскі Лапушна. Пабачылі добраўпарадкаванне могілак у аграгарадку Таркачы, а таксама наведалі мясцовы дзіцячы сад, магазін “Родны Кут”, памятны знак у гонар 1030-годдзя праваслаўя на Беларусі і 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі. Агледзелі, як добраўпарадкуецца ўчастак пасля зносу нежылога дома ў Круцілавічах.
Напрыканцы сустрэчы старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі закрануў тэмы, абмеркаваныя на сёмым Усебеларускім народным сходзе, спыніўся на Ваеннай дактрыне і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Расказаў ён і аб сваім удзеле ў пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, якое праходзіла ў Шчучыне пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, пералічыў самыя актуальныя з абмеркаваных тэмаў.
Падводзячы вынікі Дня сельсавета, Аляксандр Станіслававіч падзякаваў Ігару Кухарэвічу за значную праведзеную работу. Адзначыў, што дні сельскіх саветаў сёлета яшчэ пройдуць у Наваельні, Дварцы, Дзятлаве, Войневічах, дзе таксама будзе ацэнена дзейнасць органаў мясцовага самакіравання. Ён падкрэсліў, што ў прыярытэце па-ранейшаму застануцца пытанні прафілактыкі пажараў, бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, асабліва ў летні час, калі ў вёскі едуць дачнікі і дзеці, не павінна спыняцца работа па навядзенні парадку на зямлі, зносе і продажы нежылых дамоў, дапамогі ўразлівым катэгорыям жыхароў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga