Бяспека, захаванне законнасці, сельскагаспадарчыя работы, добраўпарадкаванне – гэтыя і іншыя тэмы былі абмеркаваны на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна.
Бяспека і законнасць – у прыярытэце
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці пануе сухое цёплае надвор’е, у сувязі з чым дадалося работы ў ратаўнікоў і АСВОДа. Разам з тым у нашым раёне для супрацоўнікаў РАНС мінулы тыдзень прайшоў у штатным рэжыме. Яны прадоўжылі пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы, па выніках якіх да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты двое грамадзян. Таксама праведзены праверкі ў КСУПах “Войневічы”, “Жукоўшчына” і на аб’ектах, дзе будуць працаваць школьныя аздараўленчыя летнікі. У пятніцу ў рамках спаборніцтваў раённага этапу былі вызначаны пераможцы сярод пажарных каманд (ААТ “Дварэцкі льнозавод”) і санітарных дружын (КСУП “Войневічы”). Напрыканцы чэрвеня яны прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе іспытаў.
У дзяжурную часць раённага аддзела міліцыі за мінулы тыдзень паступіла 50 заяў і паведамленняў, узбуджана адна крымінальная справа за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетняй, фігурант знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Устаноўлены факт незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, звязаны з абаротам крыптавалюты ў асабліва буйным памеры, пачата адміністрацыйная справа.
Выяўлена “кропка” незаконнай рэалізацыі спіртаўтрымліваючай вадкасці. Гандлявала пенсіянерка, якая адкажа перад законам.
У бліжэйшы час міліцыя зверне больш увагі на такія актуальныя праблемы, як паркоўка аўтамабіляў на зялёных зонах, выгул сабак па-за спецыяльнымі адведзенымі для гэтага месцамі, будуць прадоўжаны і мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат”.
На кантролі ў вобласці знаходзяцца пытанні аплаты рытуальных паслугаў і фарміравання тарыфаў на іх. На Дзятлаўшчыне ў гэтай сферы працуюць дзве арганізацыі. Згодна з праверкай дакументаў іх цэны адпавядаюць патрабаванням. Аддзелам эканомікі райвыканкама распрацаваны памяткі, якія накіраваны ў сельвыканкамы, аддзел ЗАГСа, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з пазначэннем максімальных тарыфаў, каб і ў далейшым пазбегнуць выпадкаў завышэння аплаты.
Для каго лета – гарачы сезон?
Перад сельскай галіной стаіць актуальная задача – павелічэнне сярэднясутачных прывагаў у свінагадоўлі. Гэтыя паказчыкі сёлета адчувальна “праселі”, іх неабходна паляпшаць.
Прадаўжаецца касавіца, а таму не менш увагі надаецца корманарыхтоўцы, якая з’яўляецца найважнейшай умовай для станоўчага фінансавага выніку.
– Лабараторыі належыць кантраляваць тэмпературу, вільгаць, належную колькасць кансервантаў пры закладцы сіласу, каб атрымаць кармы высокай якасці, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Актывуецца закупка запчастак і падрыхтоўка тэхнікі да жніва, паколькі на Дзятлаўшчыне пасеяны значныя аб’ёмы азімага ячменю, які першым “падыдзе” да ўборкі.
Летні сезон – гарачая пара і для будаўнікоў, якія спяшаюцца выканаць работы пры спрыяльных тэмпературах і ўмовах надвор’я.
У цэнтральнай раённай бальніцы будзе адрамантаваны адміністрацыйны паверх. У вёсцы Ахонава замест старога плануецца будаўніцтва сучаснага модульнага ФАПа. Да завяршэння падыходзіць асфальтаванне тратуараў па вуліцы Кірава, пасля чаго будзе скончаны рамонт дваровай тэрыторыі па Кірава, 11. Прадаўжаецца пракладка водаправода па вуліцы Леніна, а ў канцы жніўня – верасні там плануецца пакласці асфальтавае пакрыццё. У хуткім часе будзе здадзены ў эксплуатацыю аб’ект капрамонту па вуліцы Шашэйнай у Наваельні. Адбываецца перыядычны маніторынг дзіцячых гульнявых пляцовак, дзе пры неабходнасці выконваюцца бягучыя рамонты.
Рознае
30 мая адбудзецца ўрачыстая перадача вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Ад Дварэцкай сярэдняй школы ён будзе пачэсна перададзены Казлоўшчынскай сярэдняй школе.
Чакаецца, што сёлета ў наш раён па размеркаванні прыбудуць 8 дактароў і каля 10 сярэдніх медыцынскіх спецыялістаў.
3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і юбілей 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Дзятлаве адбудзецца святочны салют.
Выпускнікі адзінаццатых класаў 27 і 30 мая здаюць цэнтралізаваныя экзамены, а 14 чэрвеня для іх будзе ладзіцца ўрачысты выпускны баль.
З 18 гадзін 14 чэрвеня да 8 гадзін 15 чэрвеня на тэрыторыі раёна будзе дзейнічаць абмежаванне на продаж алкагольных напояў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga