Дзелавы панядзелак. На нарадзе: бяспечнае дзяцінства і забарона на наведванне лясоў

Важнае Улада

Аднаўленне лясоў на Дзятлаўшчыне, бяспека дзяцей у час адпачынку, супрацьпажарныя інструктажы ў сельгаспрадпрыемствах, нарыхтоўка кармоў – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Лес сам па сабе не расце

Згодна з заканадаўствам тры гады адводзіцца на аднаўленне лесу на месцы высечак. У гэтым годзе лясная гаспадарка вобласці выканала работы па высадцы саджанцаў на 158 % ад плана вясновых работ. Больш за 50 % пасадачнага матэрыялу – саджанцы, якія вырошчваюць у пітомніках лясгасаў. 17-ы раз вобласць прыняла актыўны ўдзел у добраахвотнай рэспубліканскай акцыі “Аднавім лясы разам”. Толькі ў час яе было высаджана новага лесу больш за 159 гектараў. Дзятлаўскі раён, як адзначалася на абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, аказаўся на першым месцы па аб’ёмах выкананых работ па захаванні і зберажэнні лесу.

Як сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, лясы – гэта нацыянальнае багацце і гонар Беларусі. Яны займаюць каля 40 % тэрыторыі краіны, і наша задача – ставіцца да прыроднага дару рупліва: шанаваць, берагчы і своечасова аднаўляць. Прырода – не толькі важны рэсурс, але і залог здароўя людзей.

Будзьце пільныя: не вы, а агонь наводзіць парадак

Аднавіць лес – сапраўды важна, але і зберагчы таксама неабходна. На жаль, легкадумнасць грамадзян нярэдка прыводзіць да лясных пажараў. Тэма забароны на наведванне лясоў у сувязі з сухім цёплым надвор’ем стала таксама падставай для абмеркавання і прыняцця кантралюючых мер.

– Надвор’е пакуль збіраецца радаваць дзятлаўчан цяплом. Для многіх раённых структур на першы план выходзяць пытанні бяспекі. Наведванне лясоў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна цяпер забаронена, аб чым сведчаць даныя інтэрактыўнай карты Міністэрства лясной гаспадаркі, таму адказным службам выбываць у рэйды на пастаяннай аснове, не дапусціць кастроў і “шашлыкоў” у лесе. Вадаёмы таксама не пакідаць без увагі, – даў загад старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Як падкрэсліў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык, не лішнім будзе нагадаць і гаспадарам прыватных сядзібаў быць пільнымі пры навядзенні парадку на ўчастках. Многія выбіраюць найбольш просты і хуткі спосаб знішчэння смецця – спальванне. Захопленыя вясновымі клопатамі гаспадары занадта позна заўважаюць, што ўжо не яны, а полымя, падхопленае ветрам, наводзіць парадак, толькі па-свойму, паглынаючы ўсё навокал. Справіцца з такім агнём без дапамогі ратаўнікоў ужо немагчыма – вялікая верагоднасць апынуцца ў вогненнай пастцы або задыхнуцца ў дыме.

Беражыце дзяцей

Як бы часта не гучала гэта фраза, як бы не “набіла яна аскоміну”, але актуальнасць яе не зніжаецца. Трагічны выпадак у Лідзе 12 мая, калі 11-гадовая дзяўчынка выпала з атракцыёна, ускалыхнуў грамадскасць. Дзяўчынка разам з мамай вырашылі наведаць парк забаваў, які некалькі тыдняў таму прыехаў у горад. Дзіця захацела пракаціцца на даволі экстрэмальным атракцыёне Hammer. Не прайшло і пары секунд пасля запуску атракцыёна, як школьніца ўпала з вышыні. Цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы. Зразумела, што вінаватыя адкажуць па законе, але для дзяўчынкі вяртання ў бяспечнае дзяцінства ўжо не будзе.

Наперадзе доўгія летнія канікулы: атракцыёны, самакаты, веласіпеды, адпачынак на рэчках і азёрах… Кіраўніцтва раёна заклікае дарослых не пакідаць без нагляду сваіх дзяцей, вучыць іх правілам паводзінаў на дарогах, ля вады, на масавых мерапрыемствах і кантраляваць, ці сапраўды дзеці выконваюць гэту дарослую навуку.

Закрасуецца царыца палёў

Яшчэ 637 гектараў да плана засталося пасеяць кукурузы на дзятлаўскіх палетках. Толькі на гэтым гаспадаркі раёна не збіраюцца спыняцца.

– Ва ўсіх сельгаспрадпрыемстваў ёсць магчымасці павялічыць плошчы пад гэту культуру. Надвор’е ідэальнае для кукурузы: глеба прагрэтая і вільготная. Карэкціруйце планы і сейце, – паставіў задачу аграрыям Андрэй Садоўскі.

На бягучым тыдні ўсе нашы сельгаспрадпрыемствы займаюцца нарыхтоўкай сенажу, завяршаюць хімічную праполку на палях. Таксама пачынаюць падрыхтоўку зернеўборачных камбайнаў, заказваюць запчасткі для неабходных рамонтных работ.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga