Дзе папрацаваць падлеткам?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Занятасць у вольны ад вучобы час з’яўляецца не толькі крыніцай заробку, але і садзейнічае прафілактыцы супрацьпраўных учынкаў.

Разам з тым яна спрыяе атрыманню падлеткамі першых працоўных навыкаў, дае ім магчымасць зрабіць больш усвядомлены выбар будучай прафесіі, дапамагае адчуць сябе дарослымі і больш самастойнымі, у тым ліку ў фінансавым плане.

Ёсць некалькі варыянтаў працаўладкавання навучэнцаў. Першы – самастойнае працаўладкаванне на існуючыя вакансіі прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі можна азнаёміцца на партале дзяржаўнай службы занятасці па адрасе gsz.gov.by. Другі – удзел у арганізуемых упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праектах па другаснай занятасці вучняў, з фінансаваннем затрат са сродкаў бюджэту пазабюджэтнага дзяржаўнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Трэці – у саставе студэнцкіх атрадаў. Аднак кожны з варыянтаў працаўладкавання мае асаблівасці, звязаныя з працоўнай дзейнасцю падлеткаў, якія дакладна рэгламентаваны Працоўным Кодэксам Рэспублікі Беларусь. Так, заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. З навучэнцамі 14-15 гадоў яго можна заключыць толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля). Дагавор, заключаны з непаўналетнімі на час летніх канікул, з’яўляецца тэрміновым. Наймальнікам забараняецца прымаць на работу асоб маладзейшых за 18 гадоў без папярэдняга медыцынскага агляду. Неабходна афармляць працоўныя кніжкі (калі іх яшчэ няма) на ўсіх непаўналетніх работнікаў, якія працуюць звыш пяці дзён.

Ёсць патрабаванні і да працягласць працоўнага часу: у вучэбны перыяд падлеткі 14-16 гадоў павінны працаваць 2 гадзіны 18 хвілін у дзень,16-18 гадоў – 3 гадзіны 30 хвілін. На канікулах 4 гадзіны 36 хвілін і 7 гадзін у дзень адпаведна.

Маладыя людзі 14-16 гадоў могуць выконваць лёгкія віды работ, якія не шкодзяць іх здароўю і развіццю, не перашкаджаюць атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Забараняецца накіраванне непаўналетняй моладзі на цяжкія работы, са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, прыцягненне да начных і звышурочных работ, а таксама ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.

Больш распаўсюджаны від часовых работ для непаўналетніх –рамонтныя работы ў школах, азеляненне тэрыторый, добраўпарадкаванне навучальных установаў, рэстаўрацыя кніжнага фонду бібліятэк, вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі, іншыя даступныя віды.

Аплата працы моладзі, якая працуе ў вольны ад вучобы час, праводзіцца прапарцыйна адпрацаваным гадзінам або ў залежнасці ад выкананага аб’ёму работ у адпаведнасці з формамі і сістэмамі аплаты працы, што дзейнічаюць у наймальнікаў. Ён мае права, але не абавязаны, устанаўліваць даплаты да заработнай платы маладых людзей.

Па штогадовай статыстыцы, якая ўлічвае існуючы ў раёне банк вакансій абмежаванні па дазволеных для падлеткаў відах работ, найбольш папулярным варыянтам на Дзятлаўшчыне з’яўляецца работа навучэнцаў у рамках праектаў па другаснай занятасці, якія арганізуюцца ўпраўленнем па працы і занятасці, а таксама ў студэнцкіх атрадах.

Наталля ГУБАР,
намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga