Да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Што новае пакаленне ведае пра вайну, Перамогу і мір?

Важнае Грамадства

У гімназіі № 1 горада Дзятлава падвялі вынікі раённага праекта “Марафон Вялікай Перамогі, або New-пакаленне аб вайне, Перамозе, мірным часе”, прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аўтарамі праекта сталі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Сербін і педагогі гімназіі Алена Радомская і Святлана Кетка. Рэалізоўваўся ён у школах на працягу некалькіх тыдняў пры падтрымцы аддзела адукацыі райвыканкама, раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд”, раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Святочную праграму адкрыла шоу барабаншчыц і выступленне юных талентаў гімназіі.

– Я ўпэўнена, што ніхто з прысутных не застаўся раўнадушным да прапанаванай тэмы, нават у прадстаўнікоў мірнага пакалення аповеды і кінастужкі пра Вялікую Айчынную вайну вымушаюць сэрцы біцца мацней, – павітала ўдзельнікаў мерапрыемства дырэктар гімназіі Вераніка Фабішэўская. – Я рада вітаць усіх, хто прымаў удзел у праекце на працягу трох месяцаў. Упэўнена, што вам было цікава, захапляльна, вы вывучалі дакументы, даследавалі фотаздымкі, здымалі відэаролікі і многае даведаліся.

Варта адзначыць, што праект уключаў у сябе некалькі этапаў пагружэння ў гісторыю і сабраў 12 каманд установаў адукацыі раёна.

Наступнай яго ўдзельнікаў вітала адна з аўтараў Марына Сербін:

– У рамках шостага школьнага дня некалькі месяцаў запар мы з вамі займаліся творчасцю, пошукам, даследчай работай. Часам заданні былі складаныя, патрабавалі дапамогі педагогаў, і мы ўдзячны ім за тое, што вялі навучэнцаў да поспехаў.

У пацвярджэнне гэтых слоў арганізатары праекта спачатку ўручылі дыпломы і салодкія прызы пераможцам розных этапаў. На этапе “Фотакросінг “Гісторыя аднаго фотаздымка” лепшай стала каманда Хвінявіцкай сярэдняй школы; квэст-пошук “Імя на помніку” больш грунтоўна і глыбока правяла каманда сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава; лепшы відэатрэйлер “Героі вялікай той вайны” атрымаўся ў каманды Казлоўшчынскай сярэдняй школы; пераможцамі вершавага батла “New-пакаленне аб вайне, Перамозе, героях” сталі адразу дзве каманды – Гезгалаўскай і Дварэцкай сярэдніх школ. Нарэшце прыспеў самы важны момант – ушанавання пераможцаў і прызёраў праекта.

Першае месца ў марафоне Вялікай Перамогі з раўназначным поспехам падзялілі каманды Гезгалаўскай і Дварэцкай сярэдніх школ. Уладальнікамі дыпломаў за другое месца сталі каманды Казлоўшчынскай сярэдняй школы і гімназіі № 1 горада Дзятлава. Дыпломамі трэцяй ступені адзначаны каманды Раклевіцкай базавай, Вензавецкай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

– На працягу трох месяцаў мы адсочвалі вашы дасягненні ў Instagram, як вы рэалізоўвалі свае даследчыя якасці, праводзілі сацыяльна-значныя мерапрыемствы, – павіншавала каманды старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская. – Асаблівыя словы захаплення і ўдзячнасці варта адрасаваць аўтарам праекта, бо яны дапамагалі навучэнцам замацоўваць веды і ўменні, а хто ведае родную гісторыю, той можа ўпэўнена і дакладна будаваць сваю будучыню.

Моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык уручыла пераможцам і аўтарам праекта кнігі вядомага земляка Вадзіма Лакізы.

– У час работы над праектам вы глыбей зразумелі, якое гэта страшнае слова “вайна”. Жадаю, каб наша і наступныя пакаленні ніколі не сталі ўдзельнікамі ваенных дзеянняў. Мы ведаем, якой дарагой цаной заваявана Вялікая Перамога. Няхай на роднай зямлі пануюць мір і дабрыня, а жыццё поўніцца шчасцем і радасцю, – завяршыла добрымі пажаданнямі сустрэчу Кацярына Уладзіміраўна.

Развітальным акордам мерапрыемства ў выкананні ўсіх яго ўдзельнікаў прагучала песня “Дзень Перамогі”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: