У сярэдняй школы № 3 яшчэ адзін грашовы гранд

Галоўнае Грамадства

У Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў XVII рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” спецыяльным прызам і грашовым грандам на суму 60 тысяч рублёў адзначана сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава з праектам “Школа “#ЭКАНОМІЯ”: Эканомім рэсурсы! Эканомім фінансы! Эканомім энергію!”.

Аўтары праекта – намеснік дырэктара ўстановы па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель і настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка – падзяліліся ўражаннямі:

– Пры ўдзеле ў любым конкурсе хочацца спадзявацца на вынік, перамогу і поспех. Мы чакалі да апошняга і вельмі рады, што сталі прызёрамі і ўладальнікамі чарговага грашовага гранда. Гэтыя сродкі будуць скіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і мерапрыемствы энергаэфектыўнага характару. Наогул, калі стваралі праект, нават не чакалі, што атрымаецца такая цікавая работа, якую зможа ацаніць нават рэспубліканскае журы.

– Гэта стане завяршэннем праекта? Ці ёсць новыя задумкі?

– Магчымасці рухацца наперад ёсць заўжды. Конкурс “Энергамарафон” штогадовы, а ў нас засталіся цікавыя ідэі, якія зможам прапанаваць у новым сезоне. Збіраемся паўдзельнічаць у намінацыі “Лепшы педагагічны работнік”. Мяркуем стварыць аўтарскі курс “Як праз сучасныя сродкі візуалізацыі прывабіць дзяцей да праблемы энергаэфектыўнасці і эканоміі рэсурсаў?”.

Наогул, абласны і рэспубліканскі прызы – цудоўны падарунак да 35-годдзя нашай сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Як памятаеце, гранд у памеры 25 тысяч рублёў мы выйгралі ў вобласці крыху раней, плюс яшчэ 60 тысяч рэспубліканскіх сродкаў – атрымалася вельмі дастойная сума.

–  Як лічыце, чаму вам прысуджаны спецпрыз журы?

– Мяркую, за тыя інавацыйныя метады работы, якія мы прапанавалі па ўзаемадзеянні педагогаў з бацькамі і дзецьмі.

– Чаго пажадаеце ўдзельнікам праекта?

– Вялікае дзякуй усім, хто ў нас верыў і падтрымліваў. Конкурс вельмі складаны: даказаць у фінале, што ты адзін з лепшых, няпроста. Дзякуем нашаму дырэктару Івану Кібіню за стварэнне ўмоваў для існавання сістэмы “Школа “#ЭКАНОМІЯ”, педагогам – за ўдзел у яе распрацоўцы, бо на спецыяльным сайце прадстаўлены работы кожнага з іх, бацькам вучняў – што адгукваюцца на нашы просьбы і дапамагаюць дзецям, навучэнцам – за тое, што вераць у нас, нашу перамогу і робяць усё, каб установа працвітала. Прыемна, што ў школе ёсць каманда аднадумцаў, бо аднаму немагчыма ўвасобіць усе ідэі ў жыццё. Наша каманда – гэта ўся ўстанова адукацыі.

– Чаго яшчэ чакаеце ад юбілейнага года?

– Мерапрыемствы будуць традыцыйнымі: лінейкі, вечар сустрэчы з выпускнікамі. Галоўнае, за што змагаецца школа сёлета, – гэта прысваенне імя героя Іосіфа Філідовіча. Спадзяёмся, што органы выканаўчай улады нас падтрымаюць, бо гэта зацвярджаецца рашэннем райвыканкама, думаю, што ў новы навучальны год мы ўвойдзем ужо з новым іменем і статусам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: