Сельскі сход. Будзьце пільнымі і спагадлівымі

Важнае Грамадства

У аграгарадку Вензавец прайшоў сельскі сход пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, у час якога абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя надзённыя праблемы.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык агучыў актуальныя лічбы статыстыкі пажараў, якія адбыліся ў вобласці і раёне, расказаў аб асноўных прычынах іх узнікнення і мерах прафілактыкі. Па-ранейшаму самай частай іх прычынай застаецца п’яная цыгарэта. На сёння не так актуальна праблема выпальвання сухой расліннасці на корані, аднак усё роўна павышаную небяспеку нясе спальванне смецця ў час навядзення парадку на прысядзібных участках. Сяргей Сяргеевіч заклікаў землякоў у вяснова-летні перыяд перад кожным наведваннем лясоў правяраць, ці гэта дазволена, у мабільным дадатку “МНС: Дапамога побач”. Ён нагадаў, што з 15 красавіка па 1 мая на Дзятлаўшчыне праходзіць прафілактычная акцыя “За бяспеку разам!” – добрая нагода паклапаціцца аб бяспецы сваіх блізкіх і ўсталяваць у жылых памяшканнях пажарныя апавяшчальнікі, на рахунку якіх нямала ўратаваных жыццяў.

– Узровень злачыннасці на Дзятлаўшчыне ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіўся амаль на трэць, – паведаміў начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі. – З пачаткам дачнага сезона выяўляюцца новыя выпадкі крадзяжоў з пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, мэта зламыснікаў – лом чорных і каляровых металаў, бытавая тэхніка. Таксама расследуюцца факты крадзяжу агароджы і граніту на могілках.

Вадзім Васільевіч адзначыў, што спрошчана працэдура афармлення грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, таму аматары гэтай звычкі і асацыяльнага ладу жыцця могуць атрымаць новае месца жыхарства на бліжэйшы год.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Іна Петрукевіч расказала, што непрацаздольныя жыхары раёна могуць атрымаць падтрымку ад дзяржавы. На сёння 26 дзятлаўчан карыстаюцца паслугамі сядзелкі на 8-гадзінны або скарочаны рабочы дзень. Таксама Дзятлаўскі ЦСАН прадастаўляе паслугі няні сем’ям, якія адначасова гадуюць дваіх і больш дзяцей або дзіця-інваліда.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка нагадала, што самае дарагое ў жыцці чалавека – гэта сям’я, аднак гэты факт не да канца ўсведамляюць у 46 сем’ях раёна, дзе 104 дзіцяці прызнаны тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя таго, на жаль, ёсць выпадкі хатняга гвалту ў дачыненні як дарослых, так і непаўналетніх. Алена Іванаўна заклікала быць асабліва ўважлівымі да жыцця дзяцей, супрацоўнічаць з установамі адукацыі, якія яны наведваюць, забяспечваць камфортныя і бяспечныя ўмовы іх жыцця.

Работнікі Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння і раённай энергагазінспекцыі засяродзілі ўвагу на бяспецы ў абыходжанні з газавымі і электрычнамі прыборамі, нагадалі, што абавязкова раз на год газакарыстальнае абсталяванне, а таксама дымавыя і вентыляцыйныя каналы падлягаюць праверцы. У адваротным выпадку арганізацыя мае права адключыць падачу газу ў дом або кватэру.

Аб новаўвядзеннях у правілах паводзінаў на вадзе і лёдзе расказаў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі. Ён заўважыў, што небяспеку нясуць не толькі вялікія вадаёмы, але і надзіманыя басейны, адкрытыя калодзежы.

Аляксандр Бараноўскі падвёў вынікі сустрэчы, разам з тым, прадоўжыў тэму бяспекі. Па яго словах, мабільная група райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў правяла інспекцыю ў раёне, у ходзе якой былі выяўлены і ліквідаваны сем безгаспадарных калодзежаў. Ён папрасіў удзельнікаў сельскага сходу быць уважлівымі да суседзяў, не праходзіць міма чужой бяды, своечасова паведамляць аб здарэннях мясцовым уладам і органам правапарадку.

Аляксандр Станіслававіч выканаў прыемную місію – уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў дырэктару Вензавецкай сярэдняй школы Ганне Франюк.

Удзельнікі сустрэчы атрымалі памяткі з правіламі пажарнай бяспекі ад супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС. Магчымасць на месцы набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, элемент сілкавання да яго або вогнетушыцель прысутным прадаставілі спецыялісты Дзятлаўскага вытворчага ўчастка Гродзенскага абласнога камбіната супрацьпажарных работ.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: